top of page

«Вандроўка па родных мясцінах…»

 

«Ветру спеў у сузор’і сноў…»

 

«Мая душа яшчэ жывая…»

 

«Не падразайце крылы, вас малю…»

 

«Слуцкаму краю»

 

«Куток бацькоўскі... Родная зямля…»

 

«Вясной дарыла першыя пралескі…»

 

«Садоў духмяных вэлюм белы…»

 

«Забарані кахаць, забарані…»
 

«Твая ўсмешка вабіць чысцінёю»

 

«Творцу»

 

* * *

Вандроўка па родных мясцінах…

Як сэрца шукае пяшчоты

На мілых шляхах-пуцявінах…

Далёка зямныя турботы.

 

Душа мая вольнага ветру 

Ўдыхнула на поўныя грудзі…

Балоты, лясы, кіламетры,

Гасцінныя  шчырыя людзі.

 

Бярозак і соснаў шаптанне

Радзімую песню мілуе,

Нібы ў дзяцінства вяртанне…

Святло Беларусі чаруе…

 

Усё гэта поўніць адвагай,

Палоніць зямля прыгажосцю…

Мой край, чысціні тваёй прагну,

Дачка я твая, а не госця.

 

* * *

Ветру спеў у сузор’і сноў,

Споведзь зор у начным абшары

Дзякуй богу,што ты прыйшоў

І расквеціў жыццё і мары.

Не ўмею цурацца рук,

Чараўнік мой, спасланы лёсам,

Гаманлівага сэрца гук

Даражэй мне за ўсе дзівосы.

У Сусвеце бліжэй за цябе 

Толькі Бог за грахі распяты.

Ты і ўшчасці маім, і ў журбе…

Я кахаю, ці ж я вінавата?..

Я спатолю міжвольны страх,

Праганю адзіноту з сэрца

І цяплом, што ў родных вачах,

Наталяцца буду і грэцца…

 

* * *

Мая душа яшчэ жывая: 

Бурліць, іграе, цепліць кроў… 

Я кожнай жылкай адчуваю

Каханне, шчырасць і любоў. 

А што той сон, такі балючы, 

Ён працінае, бы скразняк. 

Ты маё сэрца не прыручыш,

 Не разумееш ты, дзівак, 

Што вольнай птушкай ў паднябессі 

Крыляю, і душа пяе 

З пачуццяў вытканую песню. 

Прыслухайся, пачуй яе… 

Адрынь ты страхі і сумневы, 

Ідзі насустрач, шырай крок! 

Не папялушкай – каралевай 

Усклала шчасця я вянок…

* * *

Не падразайце крылы, вас малю,

Балюча жыць з пакрыўджанай душою...

О, людзі, чалавекі, вас люблю,

Людское гора сэрца непакоіць...

Няўжо вы не стаміліся ад слёз?

Навошта словам б'еце так балюча?

Жыццё нам дадзена - найлепшае з дзівос,

Навошта жыць з агідаю калючай?

Вы лепш усмешкаю напоўніце сусвет,

Душэўную спагаду падарыце,

Сардэчнай ласкі свежы першацвет

У падарунак вечнасці нясіце,

Вучыцеся любіць і прабачаць -

Вось важная, галоўная навука...

Час сёння жыць, а заўтра паміраць...

Дабро запомняць дзеці і ўнукі.

Свае...Чужыя...ЛЮДЗІ мы ўсе...

На гэтым свеце так прыгожа, міла...

Вы радуйцеся сонцу і расе,

Дабро тварыце, распраўляйце крылы...

* * *

Слуцкаму краю

 

Зямля мая, пад небам сінявокім

Красуешся і вабіш чысцінёй.

Чаруюць лёгкакрылыя аблокі...

Маё натхненне ты і гонар мой.

 

О, як багата колераў і красак –

I акрыляе думак маладосць.

Душы маёй і сэрца абавязак

Любіць і славіць гэту прыгажосць.

 

Твае палі, лугі і пералескі

Гукаюць - я шчаслівая бягу.

Так без прастораў сумна мне і цесна,

Яны разгоняць горыч і тугу.

 

Грыбы, суніцы, спелыя ажыны,

Тваіх лясоў багацце не злічыць,

Бярозы стройныя і юныя рабіны,

Мне без зямелькі роднай не пражыць...

 

I я жыву з надзеяй і любоўю,

3 падзякай за бязмежны рай.

Душа мая напоўнена табою,

Мой ненаглядны слуцкі край.

 

* * *

Куток бацькоўскі... Родная зямля
У пошуме вячыстых стромкіх соснаў!
Я да цябе прыехала здаля,
Каб прытуліцца па-дзіцячы проста.


Блакітам поўняць сэрца васількі –
Так тата на мяне глядзеў ласкава. 
Нібыта дотык роднае рукі,
Пяшчоцяць валасы густыя травы.

 

Спявае гімн спатканню салавей –

Начной парою мой адзіны дружа. 
Бацькоўскі кут – святло мaix надзей, 
Дзявочых сноў расквечаная ружа.

* * * 

Вясной дарыла першыя пралескі, 
А летам – цёплы дождж i зарапад, 
А восенню – жаўтлявыя ўзлескі,
Зімою – легкакрылы снегапад...

 
Раўнівіца, нязгаданая зорка, 
Няўцямнае, упартае дзяўчо... 
Я дагарала іскрай нетаропка, 
Упаўшы на жаданае плячо.

* * *
Садоў духмяных вэлюм белы, 
Ты зноў мяне запаланіў.
Твой водар стрымана-нясмелы
Ў душы гаркоту засланіў.
 

Густая квецень грушы-дзічкі
Махае белым палатном,
Красуюць вішанькі-сястрычкі,
Вясновы цешыць дождж i гром.

Прыветны ранак, спеў шпачыны, 
Красуе ўдалечы сасна... 
Мне вобраз любага мужчыны 
Малюе шчодрая вясна.
               

* * * 

Забарані кахаць, забарані…
А шкадавання, літасці – не трэба.
Задзьмі няўтольна-палкія агні,
Што запалілі майго лёсу неба.

Забарані кахаць, забарані…
Гані мяне да д"ябла ці да Бога. 
Не трэба больш салодкае хлусні:
Стамілася ад шчасця незямнога.

Забарані кахаць, забарані…
Хай сэрца жар сляза ўначы патушыць, 
Хай адлятаюць журавамі дні,
Тваё маўчанне хай надзею рушыць.

* * *
Твая ўсмешка вабіць чысцінёю.
Я веру ў вачэй святы наіў.
Маё каханне – шчасце незямное –
Ты не прыдумаў, любы, не прысніў...
 

Яно жыве вясною, i табою,
I вераю ў наш святы саюз...
Не быў прывідам i спакуснай мрояй
Наш незямны, шчаслівы летні блюз...

Яно жыве тваім цяплом i песняй, 
Душой, якая ўсцешвае здаля...
Пасля зімы ў прыродзе ёсць прадвесне: 
Шчэ не стаіць, а круціцца зямля...

Бо мы жывём надзеяю адною, 
Яе ў Бога кожны адмаліў...
Твая ўсмешка вабіць чысцінёю.
Я веру ў вачэй святы наіў.

* * *

Творцу
                                  У.І. Вітко
Случанская зямля на таленты багата…
Вітаем і віншуем земляка.
Сягоння мы пяём у яго гонар. Свята!
Мы славім чалавека, творцу, мастака.

Мастак кранае тонкай прыгажосцю,
На крылах мы ляцім ў яго сусвет.
У краіне фарбаў мы сягоння госці,
Адценняў, колераў нас вабіць яркі свет.

У цуд, у шчасце, у жыццё даў веру
Наш паважаны знакаміты госць.
Нам глыбіню душы сваёй даверыў
І паказаў Радзімы прыгажосць.

Яна ў блакіце неба, у зямлі,
Што ўзгадавала пышныя пакосы,
У свежай заспакоенай раллі,
У дыяментах крышталёвых росаў.

У спеве ветру, пошуме бяроз,
У салаўінай песні галасістай,
У шчырасці гарачых родных слёз,
У дабрыні наіўнай, светлай, чыстай.

У каханні вольным, песні маладой,
У любові да жыцця і да сусвету,
У душы, напоўненай святой вадой,
У сэрцы, шчодрасцю зямной сагрэтым.

Паклон жа шчыры таленту і працы,
Вялікі дзякуй за святло і цуды,
На земляка стараемся раўняцца,
Нашчадкі Вас ніколі не забудуць.

Вандроўка па родных мясцінах
Ветру спеў
Мая душа яшчэ жывая
Не падразайце крылы
Слуцкаму краю
Куток бацькоўскі
Вясной арыла перышя пралескі
Садоў духмяных вэлюм белы
Забарані кахаць
Твая ўсмешка вабіць
Творцу
bottom of page