
Шантыр
Фабіян Гіляровіч
Фабіян Гіляравіч Шантыр – псеўданімы: Н. Светлов; А. Хмара; крыптанімы: Ф. Ш.; Ф. Ш-р; Фабіян Шан-р; Ш. Ф. — беларускі публіцыст, празаік, паэт, перакладчык, грамадскі і палітычны дзеяч.
Нарадзіўся ў сям'і муляра ў Слуцку. Працаваў муляром, прыватным адвакатам і настаўнікам. З юнацкіх гадоў удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У снежні 1905 года ён быў арыштаваны за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у горадзе Старобін і зняволены ў Слуцкай турме (1905—1907). У 1907 г. за рэвалюцыйную дзейнасць прыцягваўся да судовай адказнасці. З 1914 г. – у царскай арміі. Працаваў адміністратарам ваеннай бальніцы ў Бабруйску. Чытаў лекцыі ў Бабруйскай мужчынскай гімназіі. У 1916–17 гг. удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка». Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай З. Верас. Арганізаваў у Слуцку культурна-асветную арганізацыю “Папараць-кветка”. У 1917 стаў адным з лідараў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. На З'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, 25—27.3.1917) абраны ў БНК; у ліпені 1917 — у Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый. Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з'ездзе (снежань 1917). На пераломе красавіка і мая 1918 года, у выніку расколу ў БСГ увайшоў у склад кіраўніцтва Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З 1918 г. у Чырвонай Арміі супрацоўнік Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята. У 1918 г. загадваў Смаленскім аддзяленнем Белнацкама, у студзені 1919 камісар па нацыянальных справах Часовага рабоча-сялянскага савецкага урада Беларусі, супрацоўнік Мінскага губернскага вайсковага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту, з лістапада 1919 кіраўнік справамі Асобай харчовай камісіі 16-й арміі. У 1920 г. разам з А. Чарвяковым і В. Кнорыным уваходзіў у Беларускую рэдакцыйную калегію ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. Адзін з аўтараў зборніку «Зажынкі» (Масква, 1918). Удзельнічаў у выданні газеты «Савецкая Беларусь». У 1920 годзе пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць тэрытарыяльнага падзелу БССР. Арыштаваны 17 красавіка 1920 Асобым аддзелам 16-й арміі і, 29 мая 1920 года расстраляны па абвінавачванню ў контррэвалюцыйных дзеяннях. Пастановай Пракуратуры Республікі Беларусь ад 23 сакавіка 1992 года Фабіан Гіляровіч Шантыр поўнасцю рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у газеце «Наша ніва», дзе ў 1909—1912 змяшчаў празаічныя абразкі-імпрэсіі; там жа апублікаваў некалькі паэтычных твораў. Змяшчаў вершы і публіцыстычныя артыкулы ў газету «Дзянніца». Аўтар апавяданняў «Захар» (1909), «Ночь», «Смерть убогого», «Под шум леса» (усё ў 1910), «Святой боже» (1917). Пераклаў на беларускую мову палітычную брашуру В. Лібкнехта «Пауки и мухи». Аўтар рамантычных, блізкіх да абразкоў-імпрэсій, пераважна бессюжэтных апавяданняў, дзе закранаў розныя аспекты гаротнага жыцця беларускай вёскі. Пісаў вершы. Як публіцыст узнімаў актуальныя пытанні пашырэння асветы як умовы росту нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
Ларыса Рублеўская сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысвечаную каханню Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) і Фабіяна Шантыра.

“Працаваць над пабуджэннем свайго народа,
працаваць над пабудовай вольнай бацькаўшчыны Беларусі,
працаваць у карысць, каб яна не была пагардай другіх,
а мы не нявольнікамі сваёй цемры,
а роўнымі сябрамі другім народам, вялікім сваім светам і культурай, –
якая гэта вялікая доля для нас!..
Як мы павінны быць горды тым, што гісторыя на нас ускладае
гэтую вялікую і святую працу”.
Фабіян Шантыр
Творы Ф. Шантыра
-
Шантыр, Ф. Пад шум лесу : апавяданне / Ф. Шантыр // Слуцкі край. – 1992. – 10 кастр.
-
Шантыр, Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу / Ф. Шантыр. – Слуцк : Друкарня З. Барнака, 1918. – 28 с.
Аб жыцці і творчасці Ф. Шантыра
-
Жук, А. Вяртанне з забыцця / А. Жук // Слуцкі край. – 1992. – 10 кастр.
-
Жук, А. Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра / А. Жук // Слуцкі край. – 1997. – 12 лют.
-
Жук, А. Народны камісар са Слуцка : Ф. Г. Шантыр / А. Жук // Слуцкі край. – 2002. – 2 лют. – С. 3.
-
Змагар за нацыянальнае адраджэнне / Анатоль Мяснікоў // Мяснікоў, А. Нацдэмы : лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. – Мінск, 1993. – С. 6–41.
-
125 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Шантыра // Наша слова. – 2012. – 1 лют. (№5). – С. 1.
-
У апратцы праўды и хараства : Фабіян Шантыр / Алесь Марціновіч // Марціновіч, А. Хто мы, адкуль мы… : гіст. эсэ, нарысы : у 3 кн. Кн.3. – Мінск, 2008. – С.118–136.
-
У апратцы праўды и хараства : Фабіян Шантыр / Алесь Марціновіч // Марціновіч, А. Хто мы, адкуль мы…: гіст. эсэ, нарысы : у 2 кн. Кн.2. – Мінск, 1997. – С.184–203.
-
Фабіян Гіляравіч Шантыр // Краязнаўчая газета. – 2007. – № 9. – С. 6.
-
[Фабіян Шантыр] / В. А. Корбут // Корбут, В. А. Ад Мінска да Вільні : гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках. – Мінск, 2016. – С. 54–57.
-
Ціткоўскі, І. Фабіян Шантыр (1887 – 1920) / І. Ціткоўскі // Кур’ер. – 2002. – № 6. – С. 4.
-
Шантыр Фабіян/ У. А. Лебедзеў // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Т. 6.: Талалай – Яфімаў. Дадатак / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл. ; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны; пад рэд. А. В. Мальдзіса. – Мінск, 1995. – С. 334–335.
-
Шантыр Фабіян // Марціновіч, А. Хто мы, адкуль мы... - Мінск: Беларусь, 2008. - С. 118 - 135.
-
Шантыр Фабіян Гіляравіч // Полымя. – 2007. – № 2. – С. 216–217.
-
Шантыр Фабіян Гіляравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т.6. Кн.2.: Усвея – Яшын; Дадатак / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] . – Мінск, 2003. – С. 193.
-
Шантыр Фабіян Гіляравіч (1887, Слуцк – 1920), беларускі пісьменнік і публіцыст, грамадскі дзеяч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Т. 11.: Футбол – ЯЯ. Дадатак / рэдкал. : П. У. Броўка (гал рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1974. – С. 291.
-
Шантыр Фабіян Гіляравіч (4.2.1887, г. Слуцк Мінскай вобл. – 29.5.1920), бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч, публіцыст // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 17. : Хвінянявічы – Шчытні / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 370.
***
-
[Шантыр Фабиян Гилярович] / Э. А. Корнилович // Корнилович, Э. А. Беларусь : созвездие политических имен : историко-биограф. справ. – Минск, 2009. – С. 272–273.
-
Шантырь (Шантыр) Фабиан Гилярович (4.2.1887, г. Слуцк - 29.5.1920), белорусский писатель, общественный деятель, публицист // Регионы Беларуси. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн. 3. Н - Я : энциклопедия / редкол. В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. - Минск, 2019. — С. 339—340.