
Місько
Павел Андрэевіч

Калі пакараў цябе Бог талентам –
трывай, нясі свой крыж на сваю
Галгофу, яна і ёсць для цябе – Парнас.
П. Місько.
“Жыццё пражыць – не поле перашыць слядамі ног, як машыновай строчкай”, - так пачынае свой верш “Споведзь” беларускі празаік і паэт, ураджэнец вёскі Знамя Слуцкага раёна Павел Андрэевіч Місько. У юныя гады будучаму пісьменніку давялося перажыць шмат цяжкасцей і нягод, якія загартавалі яго і прадвызначылі далейшыя жыццёвыя пуцявіны.
Нарадзіўся пісьменнік 14 сакавіка 1931 года. Нялёгкай была доля сям’і Місько ў складаныя 30-я гады, калі згарэла хата. “Прытуліў нас часова дзед. Хата яго была малая, намнога меншая, чым наша. Спалі ўпяцёх упоперак драўлянага ложка – маці і чацвёра дзяцей. Бацька на лаве...Сталі на ногі толькі перад самаю вайною”, - успамінае П. Місько ў артыкуле “На покліч душы” (Замест аўтабіяграфіі”). Яшчэ большыя выпрабаванні выпалі пазней: у гады фашысцкай навалы і пасляваеннай галечы.

Вялікі ўплыў на станаўленне характару будучага пісьменніка аказала сям’я, асабліва маці і дзед па матчынай радні. Маці цудоўна ведала фальклор: не толькі расказвала казкі, але і прыгожа спявала. З самага дзяцінства П. Місько быў далучаны да цудоўнай скарбніцы беларускай вуснай народнай творчасці, што абуджала цікавасць і да мастацкай літаратуры. Чароўны свет прыроды адкрыў унуку дзед Лукаш. Бацька быў майстар на ўсе рукі. Акрамя таго, што спраўна рабіў усю сялянскую работу, ён быў бондарам, стэльмахам, цесляром.
Да вайны Павел Місько скончыў з пахвальнай граматай усяго два класы. “Пасля вызвалення прыйшоў у чацвёрты і палахліва чакаў – што будзе? Адсадзяць у трэці? Увесь верасень сорак чацвёртага настаўнікі гадалі, што рабіць з пераросткамі, у прыватнасці са мною. У задачках быў не вельмі порсткі, хоць па астатніх прадметах ішоў добра і выдатна. Але хтосьці сказаў на педсавеце рашучае слова, і мяне перасадзілі... у пяты клас... Гэтае “пераскокванне” ажно цераз два класы так і пакінула прабел у маёй матэматычнай падрыхтоўцы, і з задачамі па алгебры, фізіцы, хіміі я не ладзіў, пакуль і школу не скончыў. А мо не з-за гэтага? Мо проста я не быў народжаны матэматыкам?”, - успамінае пісьменнік.
З 1947 па 1950 год працягваў вучобу ў СШ №10 г. Слуцка, а летам працаваў: то з братамі рэзаў, сушыў торф для калгаса, то памагаў маці жаць, апрацоўваць бульбу. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці ў сям’і, бацькі падтрымлівалі жаданне хлопца вучыцца.
У юныя гады не хапала дзіцячых кніг, вялікай радасцю была для будучага пісьменніка кожная новая кніга. Пасля заканчэння школы думаў падаваць дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ ў школе ўдзельнічаў ў пастаноўках, якія наладжваў драмгурток. “Але хапіла глуздоў самому ацаніць свае здольнасці, адаслаць дакументы ва універсітэт”, - нагадвае Павел Місько.
У час вучобы ў БДУ на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта будучы пісьменнік пазнаёміўся і пасябраваў з Н. Гілевічам, А. Вярцінскім, У. Нядзведскім і іншымі пачынаючымі мастакамі слова. Пасля заканчэння вучобы працаваў у Давыд-Гарадоцкай раённай газеце з 1955 па 1959 год спачатку адказным сакратаром, а потым рэдактарам. Яго цягнула сцэна, і па вячарах па сумяшчальніцтву кіраваў драматычным гуртком раённага Дома культуры.

З сям'ёй у Батанічным садзе. Злева н аправа Павел Андрэевіч, дачка Тамара, дачка Марына, жонка Аляксандра Міхайлаўна, сын Віктар. 1968 год.
Першае апавяданне “Надзя” выйшла ў альманаху “Брэст” у 1958 годзе. У 1958-1959 гадах некалькі нарысаў надрукавалі часопісы “Маладосць” і “Полымя”.
З 1959 года працаваў у рэспубліканскай газеце “Звязда”.
З 1964 па 1967 год – літсупрацоўнік “Сельской газеты”, у 1967-71 гадах – загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, у 1971-72 гадах – загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”. З 1972 года працаваў загадчыкам рэдакцыі прозы, а з 1976 па 1980 год – намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Яшчэ ў 1960 г. ад Еўдакіі Лось, якая тады загадвала аддзелам культуры і літаратуры “Звязды”, Паўлу Місько прыйшло пісьмо: “Мне здаецца, што вы можаце напісаць нешта большае, чым газетную карэспандэнцыю, мяркую па двух вашых допісах аб гродзенскіх людзях. Вы робіце іх па-пісьменніцку амаль. Паспрабуйце, праўда, і не для газеты, апавяданне, аповесць! Спрабуйце сілы ў мастацкай прозе!...”
Першая кніга апавяданняў “Калодзеж” была выпушчана ў 1967 годзе. У гэтым зборніку былі апавяданні, якія яшчэ недалёка адышлі ад нарыса. Але былі там і даволі глыбокія творы: “Палеская казка”, “Калодзеж” і апавяданне вельмі значнай мастацкай сілы “Амяла на бярозе”. Ужо з гэтага апавядання пачалася вельмі багатая галерэя жыццёва праўдзівых вобразаў нашых жанчын, якія на рэдкасць удаюцца П. Місько. Творчасць пісьменніка цесна звязана з нацыянальнымі вытокамі, з роднай Случчынай, з вёскай Знамя.
У 1968 годзе ён выпускае кнігу нарысаў “Гаспадыні свайго лёсу”, а ў 1973 годзе – чарговую кнігу нарысаў “Дрэва жыцця”. Місько – аўтар аповесці “Ціхае лета” (1973). Шмат у ёй цікавага, змястоўнага, жыццёва пераканаўчага. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны аўтар адлюстраваў у аповесці “Поезд ішоў на захад”. Ужо самі словы Піфагора “Беражыце слёзы вашых дзяцей, каб яны маглі праліваць іх на вашай магіле”, абраныя П. Місько за эпіграф да аповесці, настройваюць на нешта высокае, узнёслае. “...Па сіле скандэнсаванага ў ёй пачуцця, па канцэнтрацыі думак, якія даносяцца да чытача праз эмацыянальнае, душэўнае ўзрушанне – гэта, па сутнасці, спрасаваны раман”, - лічыць беларускі крытык Г. А. Шупенька.

Раман “Мора Герадота” (1976) – праўдзівы, сумленны твор пра чалавека на вайне, пра шляхі нашай перамогі, пра масавы гераічны рух на Палессі.
“Мора Герадота” – гэта і ўсенароднасць барацьбы з ворагам, і неймаверная цяжкасць і неадназначнасць гэтай барацьбы. Гэта і мора слёз, крыві, пакут, крушэнне лёсаў тысяч і мільёнаў людзей. Мора гора чалавечага. У рамане расказвалася ў першую чаргу пра гэта, а не пра ўдалыя партызанскія налёты на ворага, як пісаў у той час у “Немане” адзін з крытыкаў, пазнаёміўшыся толькі мо з першымі старонкамі твора. Раман усім пафасам якраз і палемізаваў з тагачаснымі творамі пра хвацкія налёты і шапказакідацельства, - удакладняе аўтар. Лёс герояў “Мора Герадота” прадоўжаны ў рамане “Хлопцы, чые вы будзеце?”.
Дзеянне ў шматпраблемным рамане “Градабой” (1980) адбываецца ў вёсцы. У складаных, часам драматычных і нават трагічных абставінах паказваецца жыццё трох пакаленняў механізатараў Сухавеяў.
Нялёгкія выпрабаванні выпадаюць на долю як самога пачынальніка роду Івана Іванавіча Сухавея, так і яго сыноў Гардзея, Рыгора і Фёдара, дачкі Настасы, асабліва ў каханні. І як няпроста было выстаяць пад градабоем гэтых выпрабаванняў і захаваць душу і сумленне чыстымі.
Павел Місько – аўтар п’ес на сучасныя тэмы: “На зачараваным востраве, або Баба Яга Залатая нага”, “Канфлікт мясцовага значэння”, “Змяя-спакушальніца”, “Ліха крадзецца ціха”.
Зборнікам вершаў “Ружовыя ліўні”, паэтычным раманам “Пакуль зямлю мілуе сонца” пісьменнік грунтоўна засведчыў свой паэтычны талент. У зборніку “Ружовыя ліўні” ружовага мала. Усё, што даводзілася перажыць аўтару, лірычнаму герою, суадносіцца з няпростым, нялёгкім рэальным жыццём, у якім пытанняў больш, чым адказаў.
Даволі сур’ёзны чалавек, Павел Місько не расстаецца з гумарам. Яго гумарыстычныя кнігі “Вясельны марафон”, “Лекцыя з падвывам”, “Чэрці ў коміне” і іншыя палюбіліся чытачам.
Апошняя кніга прозы “Прыгавораны да жыцця” выйшла ў 2007 годзе. У яе ўвайшлі вельмі глыбокадумныя філасофскія тэксты для дарослых. Адзін з іх – “Ніль адмірары, альбо Я выбіраю смерць” – выдатная антыўтопія, значная для нашай літаратуры, небагатай на творы ў такім гуманістычным жанры.
Павел Андрэевіч Місько – дасканалы знаўца роднай мовы, мастак, які піша і для дарослых , і для дзяцей. Гэтыя дзве ўрадлівыя дзялянкі яго творчасці аднолькава яму дарагія: “Разрываюся паміж дарослымі і дзецьмі”, - з усмешкай зазначае ён.



Без твораў П. Місько не ўяўляеш беларускую дзіцячую літаратуру. Юныя чытачы залічылі ў лік любімых яго аповесці “Навасёлы, або праўдзівая, часам смешная, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі”, ”Прыгоды Бульбобаў”, “Эрпіды на планеце Зямля”, “Прыйдзі, дзень-залацень”, “Акрабат у бутэльцы”.
Аўтарам створаны такія розныя вобразы дзяцей – непаседлівых, гарачых, памяркоўных, разважлівых, ціхмяных, задзірыстых, згаворлівых – такіх, якіх мы сустракаем, якія ёсць у жыцці. Без павучальных слоў пісьменнік вельмі натуральна, з адпаведным гумарам гаворыць з дзецьмі, і яны непрыкметна, весела праходзяць школу жыцця, вучацца сябраваць, правільна паводзіць сябе, разбірацца ў людзях.
Першым творам, напісаным для юнага чытача, стала дакументальная аповесць “Падарожжа ў калгас” (1970). Сапраўдную вядомасць у галіне дзіцячай літаратуры Паўлу Місько прынесла гумарыстычная аповесць “Навасёлы...”. У творы апісваюцца падзеі аднаго месяца з жыцця хлапчукоў-аднагодкаў. Аповесць не толькі пра вясёлыя гульні, жарты і прыгоды сяброў. Гэта твор глыбокай эстэтычна-выхаваўчай і педагагічнай танальнасці. Аўтар паказаў, як бесклапотныя неслухі ў сваёй першароднай душэўнай чысціні, непасрэднасці ўспрымальнасці свету могуць быць незвычайна таленавітымі, стараннымі, акуратнымі, сумленнымі дзецьмі.




Кнігі П. Місько прасякнуты імкненнем падарыць дзіцяці радасць сустрэчы з прыродай, жаданнем абудзіць фантазію, даць урокі чалавечнасці.
Прыгодніцкія традыцыі нацыянальнай літаратуры пісьменнік наследуе і ў аповесці “Грот афаліны” (1985). Асноўныя дзеянні разгортваюцца на фоне паступовага сталення дванаццацігадовага хлопца Янга Сінха, маленства якога прайшло на адным з маляўнічых астравоў архіпелага Вясёлы. Аповесць “Грот афаліны” у 1989 годзе на ўсесаюзным літаратурным конкурсе была адзначана спецыяльным дыпломам.
Папаўняюць скарбонку любімага дзіцячага чытання і літаратурныя казкі Паўла Місько, адрасаваныя дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Найбольш вядомымі казкамі з’яўляюцца “Старамодны заяц”, “Сарока і дзяцел”, “Сінявокае мышаня”, “Прыйдзі, дзень-залацень!”. Усе яго казкі маюць сувязь з народным казачным эпасам і напісаныя на аснове беларускіх народных казак.
Пісьменнік пераклаў на беларускую мову паэму М. В. Гогаля “Мёртвыя душы”, некаторыя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, перакладаў таксама з украінскай, польскай, балгарскай моў.
Памер павел Місько 9 чэрвеня 2011 года.

З унукам Тамашом за збіраннем дроў для вогнішча. У лесе пад Мінскам. Май 2004 г.
