top of page

Ліхадзіеўскі  

Сцяпан Іванавіч

Сцяпан Ліхадзіеўскі.jpg

”Зрабіў ён за гады свайго няпростага жыцця столькі, што ўжо дакладна не мог у дзяцінстве, а таксама ў юнацтве быць асобай непрыкметнай...”

Кірыл Ладуцька

   Паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі нарадзіўся ў вёсцы Барок (да 1964 года — Баславічы), Слуцкі раён, Мінская вобласць. Пасля заканчэння мясцовай пачатковай школы ён вучыўся ў Грозаўскай сямігодцы. Яшчэ школьнікам Сцяпан пачаў дасылаць свае тэксты ў часопіс «Малады араты». Распавядаў пра аднавяскоўцаў, пра змену жыцця ў вёсцы, пра новыя палітычныя сілы, якія ўступалі ў дзеянне. У той час з'явіліся і першыя вершы Ліхадзіеўскага на старонках «Чырвонага сейбіта», «Беларускага піянера», «Чырвонай змены». Назвы былі простыя, не мудрагелістыя: «Ільічу», «Весеннее», «Я ўспомніў»...

   Потым Сцяпан Ліхадзіеўскі вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце (1926–1931), а ў 1931–1933 гадах – у Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. У час навучання ў Беларускім педагагічным тэхнікуме супрацоўнічаў у газетах “Беларуская вёска”, “Чырвоная змена”, у часопісах “Маладняк”, “Полымя”, “Чырвоная Беларусь”, “Напагатове”. Як малады літаратар атрымліваў персанальную стыпендыю ад Народнага камісарыята асветы БССР. У 1928 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», быў членам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у калектывізацыі вёскі, па накіраванні камсамола ездзіў на Чарнаморскі флот, дзе сабраў матэрыялы для кнігі нарысаў. Пасля заканчэння тэхнікума ён займаецца выключна літаратурнай і грамадска-палітычнай працай. Першая яго кніга – зборнік вершаў і паэм “Рокаты дальняй прыстані” – пабачыла свет у Мінску ў 1931 годзе.

  У лютым 1933 года С. Ліхадзіеўскі быў арыштаваны, абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі, асобай нарадай прыгавораны да трох гадоў высылкі ў Казахстан. У высылцы С. Ліхадзіеўскі працаваў настаўнікам у сярэдніх школах, працягваў займацца літаратурнай творчасцю. У 1937 годзе ён паступае на 3-і курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педінстытута. 3 таго часу наш зямляк звязвае сваё жыццё з Узбекістанам. У 1939 годзе скончыў Томскі педагагічны інстытут. І з 1939 года Сцяпан Іванавіч зноў у Ташкенце: паступае ў аспірантуру педінстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк сустракаецца ў Ташкенце з народным песняром Беларусі Якубам Коласам. Чытаем у энцыклапедычным слоўніку «Янка Купала» (Мінск, 1986 г.): «Вялікая роля ў знаёмстве з творчасцю Купалы належыць Якубу Коласу, Сцяпану Ліхадзіеўскаму, дзейнасць якіх спрыяла развіццю беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў...» 27 чэрвеня 1943 года на ўрачыстым пасяджэнні АН БССР у Ташкенцкім педінстытуце малады навуковец выступіў з дакладам «Жыццё і творчасць Янкі Купалы».     У 1948-м Ліхадзіеўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, і з таго часу ён стаў больш размаўляць з Беларуссю, мінскімі калегамі, многія з якіх вярнуліся дадому з розных канцоў краіны з месцаў пад агульнай назвай ГУЛАГ. У 1956 годзе пісьменніка рэабілітавалі. Наш зямляк абараніў доктарскую дысертацыю «Творчасць Анатоля Франса і праблема крытычнага рэалізму ў французкай літаратуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя».

 Сцяпан Іванавіч выкладаў зарубежную літаратуру ў педагагічным і вячэрнім інстытутах, Сярэднеазіяцкім універсітэце. З 1963 года працаваў у Ташкенцкім педагагічным інстытуце загадчыкам кафедры замежнай літаратуры, быў дэканам у Рэспубліканскім педагагічным інстытуце рускай мовы і літаратуры. Доктар філалагічных навук (1965), прафесар (1968). Там пабачыла свет кніга яго выбраных перакладаў з узбекскай паэзіі «Перламутравы вянок». А ў Мінску ў 1974 годзе — кніга вершаў і перакладаў на беларускую «Вянкі камунарам». Ёсць у ёй і пераклады французкай паэзіі на беларускую мову.

  Ва ўсе гады свайго жыцця ў Ташкенце Сцяпан Іванавіч быў уважлівым да двух нацыянальных літаратур — беларускай і ўзбекскай. У мінскіх газетах і часопісах друкаваліся вершы Ліхадзіеўскага. Ён шмат перакладаў творы ўзбекскіх паэтаў на беларускую мову: «Спявае Узбекістан», «Сонца ў арыках»... У Ташкенце публікуюцца пераклады ўзбекскіх паэтаў на рускую мову.

  Сцяпан Іванавіч палюбіў творчасць пераемнікаў Алішэра Наваі. Калегі па пісьменніцкім цэху ўключылі аўтарытэтнага літаратуразнаўцу і перакладчыка ў склад рэдкалегіі часопіса «Заря Востока». На старонках гэтага выдання былі надрукаваныя і многія артыкулы ўраджэнца Беларусі, прысвечаныя ўзбекскай літаратуры. Не забываў навуковец і пра родную яму беларускую літаратуру. У «Заре Востока» былі размешчаны яго артыкулы «Якуб Колас у Ташкенце», «Паэзія беларускіх партызан», «Узбекскія паэты на беларускай мове»...    У Сцяпана Ліхадзіеўскага ёсць выдатны верш «Вуліца Якуба Коласа ў Ташкенце». Твор шмат разоў друкаваўся на беларускай мове ў Мінску. У гэтым вершы — любоў беларускага паэта і літаратуразнаўца, адрасаваная ўзбекскаму народу, узбекскім пісьменнікам.

Ліхадзіеўскі Сцяпан Чырвоныя макіjpg
Сцяпан Ліхадзіеўскі Поиски сердолика.jpg

   За гады творчай і выкладчыцкай работы ім напісана нямала вершаў, нарысаў, рэцэнзій, артыкулаў па пытаннях савецкай і замежнай літаратуры. Выйшлі з друку зборнікі паэзіі С. Ліхадзіеўскага «Чырванеюць вішні» (1931), «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крывавыя знічкі на снезе» (1932), «Мы – маладая гвардыя» (1932), кнігі вершаў і перакладаў «Берасцянка жывых трывог»  (1962), «Поиски сердолика» (1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981). 

  Пісаў на рускай, беларускай і ўзбекскай мовах. У вершах С. Ліхадзіеўскага ўдала спалучаліся публіцыстычнасць і грамадзянскасць з лірызмам, філасафічнасцю, з народна-песенымі элементамі.

  Вялікую каштоўнасць маюць яго пераклады класічных вершаў еўрапейскіх паэтаў на беларускую мову: Генрыха Гейнэ, Тэафіля Гацье, Шарля Бадлера, Сюлі Прудома, Поля Верлена, Арцюра Рэмбо, Жака Прэвера, Поля Элюара і іншых. Якуб Колас, які ў час вайны жыў у Ташкенце, называў Ліхадзіеўскага “залатым работнікам у галіне мастацкай навукі і справы”.

   Сцяпан Іванавіч вядомы і як крытык, літаратуразнавец. Ён – аўтар кніг «Анатоль Франс: Краткий очерк творческого пути» (Ташкент, 1954), «Анатоль Франс: Очерк творчества» (Ташкент, 1962), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (Ташкент, 1977). Вывучаў гісторыю і сучасны стан узбекскай літаратуры і яе сувязь з беларускай літаратурай. Займаўся перакладамі на рускую і беларускую мовы узбекскіх паэтаў (Фуркат, Хамза, Р. Бабаджан, Х. Гулям)

  Сцяпан Ліхадзіеўскі ўзнагароджаны медалём «Трыццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета УзССР (1959), Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1967).

   Памёр вучоны 13 лютага 1979 года ў Ташкенце, там жа і пахаваны.

Творы С. Ліхадзіеўскага

  1. Ліхадзіеўскі, С. Вуліца Якуба Коласа ў Ташкенце : верш / Сцяпан Ліхадзіеўскі // Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песнях : успаміны, нарысы, эсэ, прысвячэнні / уклад. Міхася Міцкевіча. – Мінск, 2012. – С. 555–556. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

  2. Ліхадзіеўскі, С. Імя свайго я не запляміў : верш // Скобла М. Краса і сіла : анталогія беларускай паэзіі. ХХ век. – Мінск, 2003. – С. 261–262.

  3. Ліхадзіеўскі, С. Кактэбельская газель : верш / С. Ліхадзіеўскі // Рагойша В. П. Верш. Паэзія : энцыклапедычны даведнік / Вячаслаў Рагойша. – Мінск, 2020. – С. 367.

  4. Ліхадзіеўскі, С. “Паданні пра шчаслівы дзень…” : [вершы]; Пераклады / Сцяпан Ліхадзіеўскі // Роднае слова. – 2001. – № 5. – С. 77–78.

  5. Ліхадзіеўскі, С. Радасць сустрэч / Сцяпан Ліхадзіеўскі // Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песнях : успаміны, нарысы, эсэ, прысвячэнні / уклад. Міхася Міцкевіча. – Мінск, 2012. – С. 272–277. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

Творы С. Ліхадзіеўскага

​Аб жыцці і творчасці С. Ліхадзіеўскага

  1. Беларусскае замежжа = Белорусское зарубежье / склад. Н. А. Голубева ; Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і інш. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010. – 479 с. – Са зместу : [С. І. Ліхадзіеўскі]. – С.434.

  2. Карлюкевіч, А. Казахстан і беларуская літаратура: імёны і факты / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. - 2020. — № 10. — С. 98—[104]. – Са зместу : [Сцяпан Ліхадзіеўскі ў гады сталінскага генацыду трапіў  у Казахстан]. – С. 103.

  3. Ладуцька, К. Талент са Случчыны на ўзбекскай зямлі / Кірыл Ладуцька // Беларусь. - 2018. — № 10. — С. 40—41.

  4. Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (9.5.1911, в. Барок Слуцкага раёна – 13.2.1979), беларускі літаратуразнавец, паэт // Культура Беларусі : энцыклапедыя. У 6 т. Т. 5. Л–М / рэдкал. : В. В. Калістратава (гал. рэд.) [ і інш.].– Мінск, 2014. – С.127.

  5. Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (9.5.1911, в. Барок Слуцкага раёна Мінскай вобласці – 13.2.1979), беларускі паэт і літаратуразнавец // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. Кулібін – Малаіта / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1999. – С. 320.

  6. Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (1911–1979), беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык // Янка Купала. Т. 2. І–О : энцыклапедыя / рэдкал. : У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Минск, 2018. – С. 156.

  7. Наш каляндар : [Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі] // Роднае слова. – 2001. – № 5. – С. 77.

  8. Скобла, М. Сцяпан Ліхадзіеўскі / М. Скобла // Скобла М. Краса і сіла : анталогія беларускай паэзіі. ХХ век. – Мінск, 2003. – С. 261–262.

  9. Сцяпан Ліхадзіеўскі // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1994. – С. 336.

  10. Сцяпан Ліхадзіеўскі // Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1981. – С.211–212.

  11. Чыгрын, І. П. Ліхадзіеўскі Сцяпан / І. П. Чыгрын // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік. У 6 т. Т. 4 . Лазарук—Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя ; рэдкал. : А. В. Мальдзіс [і інш.]. — Мінск, 1994. – С. 50–[54].

  12. Чыгрын, С. “Ён беларус сярод узбекаў…” / Сяргей Чыгрын // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 13 мая (№ 19). – С. 14.

  13. Шушкевіч, С. Паэт і вучоны з вёскі Баслаўцы / С. Шушкевіч // Шлях Ільіча. – 1979. – 26 мая.

  14. Ярмоленка, В. Не схіляўся пад ударамі лёсу / Валерый Ярмоленка // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 1 чэрв. (№22). – С. 22.

***

  1. Лиходиевский Степан Иванович (9.5.1911, д. Борок Слуцкого р-на — 13.2.1979), белорусский литературовед, поэт // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн. 2. З–Н / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.) [ и др.]. – Минск , 2017. – С. 210—211.

  2. Лиходиевский Степан Иванович (9.5.1911, д. Борок Слуцкого р-на – 13.2.1979), белорусский поэт, литературовед // Республика Беларусь : энциклопедия. В 6 т. Т. 4. Картография – Миноговые / редкол. : Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Мінск, 2007. – С. 522.

Аб жыцці і творчасці С. Ліхадзіеўскага
bottom of page