Крапчан
Барыс Шоламавіч
Крапчан Барыс Шоламавіч, рускі паэт. Нарадзіўся Барыс Шоламавіч у Слуцку. У дзяцінстве ён быў цяжка траўміраваны, не меў магчымасці самастойна рухацца. З-за гэтага ен не змог наведваць заняткі ў школе і займаўся самаадукацыяй. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны сям’я была эвакуіравана ў горад Паўладар у Казахстане. Пасля заканчэння вайны Барыс Крапчан жыў у г. Кішынёў Рэспубліка Малдова. Працяглая рэабілітацыя дазволіла палепшыць стан здароўя, і ён уладкаваўся на працу на камбінат бытавага абслугоўвання ў горадзе Ціраспалі, куды пераехаў на пастаяннае жыхарства. Праз некаторы час, калі захапіўся напісаннем вершаў, перайшоў на творчую працу. Закончыў Харкаўскую (ва Украіне) літаратурную студыю Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953 годзе пачаў супрацоўнічаць з ціраспальскай гарадской газетай «Днястроўская праўда», пазней – з малдаўскімі рэспубліканскімі перыядычнымі выданнямі.
Першы паэтычны зборнік Барыса Крапчана «Родник» выйшаў з друку ў Дзяржаўным выдавецтве Малдавіі ў 1956 годзе. Потым пабачылі свет кнігі яго паэзіі «Совесть» (1958), «Сын Днестра» (1961), «Дорогой времени» (1963), «Весенняя песня» (1964), «Улыбка жизни» (1966), «Зов» (1970), «Сердце настежь» (1971), «Сквозь ливень дней» (1973), «Час мужества» (1976), «Главная магистраль» (1983), «Постоянство» (1988). Цыкл вершаў Барыса Крапчана змешчаны ў выдадзенай у 2001 годзе ў Ціраспалі анталогіі «Литературное Приднестровье». Пісаў на рускай мове, некаторыя яго творы перакладзены на малдаўскую мову.
Барыс Крапчан быў членам Саюзаў пісьменнікаў СССР і Малдаўскай ССР (з 1959 года), Расіі (1992), Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (1995). Яго творы выкарыстоўвалі школьныя настаўнікі як на ўроках, так і ў пазакласнай рабоце пры правядзенні пасяджэнняў літаратурна-краязнаўчых клубаў, чытацкіх канферэнцый, літаратурных вечароў і іншых мерапрыемстваў.
Пра ўраджэнца Слуцка Барыса Шоламавіча Крапчана, які больш за паўстагоддзя жыў і працаваў на малдаўскай зямлі, зрабіў важкі ўклад у рускамоўную літаратуру Малдовы, можна прачытаць у біябібліяграфічным слоўніку-даведніку «Русская литература Молдовы в лицах и персоналиях: ХІХ – начало ХХІ вв.», які быў выдадзены ў Кішынёве ў 2003 годзе.
Героі многіх вершаў Барыса Крапчана – людзі працы, іх дасягненні і клопаты, людзі, якія мужна пераадольваюць нягоды, што выпалі на іх долю. Аўтар не цураўся і такіх тэм, як каханне, дружба, любоў да роднага краю, яго прыроды і гераічнага мінулага. Значная частка твораў Барыса Крапчана прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, подзвігу савецкага народа ў барацьбе за незалежнасць Радзімы, героіка-патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Творы Барыса Крапчана напоўнены аптымізмам, пачуццём адказнасці перад жыццём ва ўсіх яго праяўленнях.
Аб жыцці і творчасці Б. Крапчана
-
Жук, А. Паэт са Слуцка і Малдовы / Анатоль Жук // Краязнаўчая газета. – 2015. – Люты (№ 8). – С. 6. – Паэт Барыс Крапчан (1926–1996).
-
Жук, А. Барыс Крапчан : “нарадзіўся ў сарочцы” / Анатолій Жук // Слуцкі край. – 2014. – 6 чэрв. – С. 7. – Паэт Барыс Шоламавіч Крапчан (1926–1996).