top of page

Кохан

Яўхім Іванавіч

Кохан Яўхім Іванавіч.jpg

"Натуральным станам  майго духоўнага існавання ў жыцці застаецца вершаскладанне як спосаб самаразрадкі, самаадкрыцця, перш за ўсё, а друкаванне...- як удасца".

Я. Кохан

   “Паэзія для яго – гэта неабходнасць размовы з самім сабой, са сваімі сучаснікамі, гэта – дзённік яго душы... Сваю аўтабіяграфію ён уціснуў у чатыры вершаваныя радкі, але каб расказаць яе хаця б у асноўных падзеях, гэта была б цэлая эпапея – невыносна цяжкая, пакутная і захапляючая, як біяграфіі многіх людзей, якім на саміх сабе прыйшлося выпрабаваць самыя крутыя і бязлітасныя павароты гісторыі”, - пісаў Васіль Вітка пра беларускага пісьменніка, ураджэнца Случчыны Яўхіма Іванавіча Кохана.

 

Мне біяграфію пісаць,

Яе падзеі занатоўваць,

Як рану даўнюю кранаць

Дачасна, з болем разбінтоўваць.

                                  Я. Кохан

 

   Так склалася, што большую частку свайго жыцця Яўхім Кохан пражыў за межамі Беларусі, хоць нарадзіўся ў вёсцы Навадворцы 3 лютага 1912 года ў сялянскай сям’і. Бацька, Іван Самуілавіч, быў майстрам на ўсе рукі, мог рыфмаваць вершы, працаваў на сваёй гаспадарцы, быў раскулачаны, прыгавораны да трох гадоў зняволяння і больш да сям’і не вярнуўся. Памёр у 1941 годзе ў Ніжнім Тагіле. Маці, Пелагея Нічыпараўна, у гады Вялікай Айчыннай вайны з двума дзецьмі была ў партызанах. Пасля вайны працавала ў калгасе.

   З 1919 па 1923 год Яўхім вучыўся ў пачатковай школе, затым чатыры гады – у слуцкай сямігодцы № 2. У гэты час спрабаваў пісаць вершы: “Вершаскладаннем захапіўся, можна сказаць, з першага погляду так, што адбіўся ад любімага мною малявання. Маімі любімымі паэтамі сталі І. Нікіцін, М. Някрасаў, якіх я з захапленнем пераймаў. Таму спачатку пісаў на рускай мове”.

   З восені 1928 года вучыўся ў Слуцкай прафтэхшколе і быў ужо аўтарам надрукаваных вершаў. Дэбют пачынаючага паэта быў адзначаны на старонках “Чырвонага сейбіта” – літаратурнага дадатка да газеты “Беларуская вёска”, адразу цэлаю падборкаю вершаў. У канцы лютага 1931 года па сканчэнні прафтэхшколы Я. Кохана накіроўваюць на працу ў Бабруйск на мэблевую фабрыку імя Халтурына па атрыманай спецыяльнасці  сталяра. Затым некалькі месяцаў ён працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце. Літаратурная праца ўсё больш прываблівала таленавітага юнака, таму ён перайшоў ў рэдакцыю акруговай газеты “Камуніст” у якасці сакратара і стыльрэдактара. У 1932 годзе вершы Яўхіма Кохана заўважаюць Ю.Таўбін і А.Куляшоў і спрыяюць іх з’яўленню ў газеце “Літаратура і мастацтва”.

   У 1932 годзе Я. Кохан пераехаў у Жлобін, дзе працаваў у раённай чыгуначнай газеце “Ударнік” загадчыкам аддзела чыгуначнага будаўніцтва. Восенню таго ж года па прапанове Міхася Лынькова пераехаў у Мінск  і стаў інструктарам  перыферыйных літаратурных гурткоў пры Аргкамітэце Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго голас быў даволі прыкметным  у маладой паэзіі таго часу. З сакавіка 1933 года – літработнік на абласным радыёвяшчанні, у рэдакцыях газет “Рабочий”, “Савецкая Беларусь”. З ліпеня 1933 года працаваў цесляром на будаўніцтве ў Растове-на-Доне. Пасля нясчаснага выпадку цэлы год быў на групе інваліднасці. Праз год працаваў у кавальска-прэсавым цэху Ростсельмаша малатабойцам. Працоўныя навыкі спатрэбіліся і ў час службы ў Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1932 года Яўхім Кохан вярнуўся ў Навадворцы, дзе жыла маці з двума дзецьмі. Думаў застацца жыць і працаваць у роднай вёсцы, але абставіны вымусілі яго з’ехаць у Маскву. Тут ён працаваў цесляром, пажарнікам, пасля вучобы на адпаведных курсах – сартавальнікам пошты ў вагоне на лініі Масква – Растоў-на-Доне.

Кохан Яўхім ваен.jpg
Кохан Яўхім .jpg

    Пачатак вайны застаў пісьменніка ў дарозе пад Варонежам. Раз’яздным паштавіком праслужыў усю Вялікую Айчынную вайну, прайшоў шлях ад Сталінграда да Сілезіі. Дзень Перамогі застаў Я. Кохана ў нямецкім гарадку Картхауз.

   У 1946 годзе вяртаўся дамоў праз Львоў. Там часова спыніўся, але неўзабаве адразу атрымаў  працу начальніка паштовага вагона і кватэру. У Львове выйшаў на пенсію і яшчэ пяць гадоў працаваў. Што было ўпушчана ў маладосці, прыйшлося набываць цяпер. У 50 год ён заканчвае сярэднюю школу, а ў 1969 годзе, ва ўзросце 57 год, - Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут. Адно пералічэнне прафесій, якімі ён авалодаў, сведчыць, што жыццё паэт спазнаў дасканала: цясляр, сталяр, начны вартаўнік, малатабоец, грузчык, бетоншчык, землякоп, пажарнік, работнік хімчысткі, паштавік, журналіст, архівіст, гісторык. 

   У 1977 годзе Яўхім Кохан з сям’ёй пераехаў на новае месца жыхарства ў горад Багародзіцк Тульскай вобласці, дзе і закончыўся яго жыццёвы шлях.

  Баявыя і працоўныя заслугі пісьменніка адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі.

   У якія б мясціны ні закідваў лёс, дзе б ні працаваў Яўхім  Іванавіч, паэзія ніколі і нідзе не пакідала яго. Пасля вайны ўзнавіў сувязь са сваім юнацкім сябрам Васілём Віткам і пачаў друкавацца ў часопісе “Маладосць”. У 1946 годзе паслаў  В. Вітку сваю паэму “Бацькаўшчына”, але надрукавана яна была  з вялікімі скарачэннямі толькі праз 25 год. І хоць літаратурныя сувязі з Беларуссю нярэдка парываліся, яго вершы друкаваліся ў альманаху “Дзень паэзіі”, у часопісе “Маладосць”, у газеце “Літаратура і мастацтва”.

  У яго ранняй паэзіі адчуваецца схільнасць да эпічнасці. У вершаваных замалёўках пераважала вясковая тэматыка, пазней захапіла лірыка. У перажываннях лірычнага героя спалучаецца роздум над імгненнем і вечнасцю, часцінкай і цэлым, над непаўторнасцю чалавечай душы.    

У 1993 годзе Яўхім Кохан памёр, так і не сабраўшы лепшае са сваёй творчасці у хоць бы невялічкі зборнік. Васіль Вітка высока цаніў творчасць сябра: “...мне вельмі дорага тое, што ім створана. Паэзія, засведчаная часам, праўдай перажытых пачуцяў, гэта ўжо не асабістая ўласнасць, а і мой, чытацкі, скарб”.

Творы Я. Кохана

  1. Кохан, Я. [Вершы] / Яўхім Кохан // Дзень паэзіі - 82. – Мінск, 1982. – С.292.

  2. Кохан, Я. [Вершы] / Яўхім Кохан ; падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль // Роднае слова. – 2012. – № 2. – С. 11.

  3. Кохан, Я. Вершы ; Бацькаўшчына : урывак з паэмы / Яўхім Кохан // Слуцкі край. – 2002. – 26 чэрв.

  4. Кохан, Я. Вясна ў Карпатах ; Спадчына ; Бацькаўшчына : вершы / Я. Кохан // Слуцкі край. – 2002. – 26 чэрв.

  5. Кохан, Я. Паэзія / Яўхім Кохан ; уступ. артыкул Васіля Віткі // Маладосць. – 1972. – № 3. – С. 74– 77.

Творы Я. Кохана

​Аб жыцці і творчасці Я. Кохана

  1. Вітка, В. На скрыжаванні маланак / Васіль Вітка // Дзень паэзіі - 82.– Мінск.,1982. – С.288–291.

  2. Вітка, В. Яўхім Кохан / Васіль Вітка // Маладосць. – 1972. – № 3. – С. 75.

  3. Гарэлік, Л. М. Кохан Яўхім / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік. У 6 т. Т. 3. Івашын—Кучар / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя ; рэдкал. : А. В. Мальдзіс [і інш.]. – Мінск, 1994. – С. 391-392.

  4. Дробыш, Л. Усе жыццё на скрыжаванні маланак / Л. Дробыш // Слуцкі край. – 1997. – 14 чэрв.

  5. Жук, А. “Пра бацькаўшчыну песню прапяю...” / А. Жук // Слуцкі край. – 2002.– 26 чэрв.

  6. Жук, А. Ушанавалі памяць земляка / А. Жук // Слуцкі край. – 2002. – 6 лют.

  7. Жыбуль, В. “Мой Парнас увесь ува мне” : паэт Яўхім Кохан / Віктар Жыбуль // Роднае слова. – 2012. – № 2. – С. 8–11.

  8. Казека, І. Д. Кохан Яўхім Іванавіч [н. 3.2.1912, в. Навадворцы Слуцкага раёна], беларускі савецкі паэт / І. Д, Казека // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.3. Карчма–Найгрыш / рэдкал. : І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 113.

  9. Кохан Яўхім Іванавіч // Полымя. – 2007. – №2. – С.216.

  10. Кохан Яўхім Іванавіч, літаратар. Нар. 3.2.1912 у в. Навадворцы //  Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. У 2 кн. Кн.2.– Мінск, 2001.– С. 477.

  11. Ціткоўскі, І. Яўхім Кохан (1912 –1993) / І. Ціткоўскі // Кур’ер. – 2002. – № 6. – С. 4.

  12. Шуканаў, М. Хоць і пісаў шмат : 85 год з дня нараджэння паэта Яўхіма Кохана / М. Шуканаў // Літаратура і мастацтва. – 1992. – 21 лют.

  13. Шуканаў, М. Як асколкі пекла / М. Шуканаў // Голас Радзімы. – 1996. – 2 мая (№ 18). – С. 6.

Аб жыцці і творчасці Я. Кохана
bottom of page