top of page
Жук
Мікалай Андрэевіч
Жук Мікалай Андрэевіч.jpg

“Самае светлае, чыстае, чалавечнае ўсё да астатку я паспеў аддаць людзям…”

Мікола Жук

   “Людзі… Колькі крочыць іх па зямлі... У кожнага свой лёс, свая гісторыя, свой свет – непаўторны, да канца нікім не раскрыты. У кожнага свой шлях, які вызначаецца Богам. І некалі гэты шлях абрываецца, але чалавек працягвае жыць: у памяці тых, хто яго ведаў, у тым, што пакінуў пасля сябе людзям…“ Так напісала Таццяна Жук-Дасаева, доктар філалагічных навук, пра свайго бацьку – Мікалая Андрэевіча Жука – настаўніка, выдатніка народнай асветы БССР, паэта, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

  Мікалай Андрэевіч Жук  нарадзіўся 24 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Паўстынь. У 1928 годзе ён закончыў Паўстынскую пачатковую школу і пайшоў працаваць: трэба было дапамагаць бацьку па гаспадарцы. Вечарамі наведваў Урэцкую школу рабочай моладзі. У 1931 годзе скончыў настаўніцкія курсы, і пачаў працаваць настаўнікам у Грэскім раёне. Увесь гэты час юнак пісаў вершы. Літаратурны дэбют адбыўся ў 1935 годзе, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукавана верш «Мінску». Потым яго вершы з’яўляліся ў газете «Звязда», у часопісе «Полымя рэвалюцыі» i іншых выданнях. Вершамі зацікавіўся паэт Мікола Хведаровіч і выклікаў маладога аўтара ў Мінск. У хуткім часе Мікола Жук атрымаў накіраванне на вучобу ад Саюза пісьменнікаў БССР. Акрылены светлымі марамі, Мікола Жук адчуваў сябе шчаслівым: займаўся любімай справай, жыў і вучыўся ў Мінску, які ён называў “Афінамі свайго юнацтва”.

   А радавацца было чаму. Поспех маладога паэта адзначыла літаратурная крытыка, што было сведчаннем прызнання несумненнага таленту юнака, але вайна бязлітасна перакрэсліла яго творчыя задумы, скіравала жыццё ў іншае рэчышча.

   Студэнт педагагічнага інстытута Мікола Жук пакінуў палаючы Мінск, каб уліцца ў партызанскі рух на Любаншчыне (атрад імя Р. І. Катоўскага  брыгады № 64 імя В. П. Чкалава). Тут разам са сваімі сябрамі па зброі змагаўся ён супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вайна стане балючай тэмай у творчасці Міколы Жука.

   У чэрвені 1941 года Мікола Жук напісаў верш “Паўшым”:

“Спіце вы, загінуўшыя, спіце.

Хто дзе ўпаў, дзе пахаваны быў,

Хто ў бары, хто ў пераспелым жыце

На палях вялікай барацьбы.

Пройдзе час –

Вам абеліскі ўздымем

З мармуру і бронзы, змагары!

Спіце вы, арлы нашай Радзімы,

Дарагія, родныя сябры.

Перамогай скончыцца змаганне,

Толькі многа ляжа. Многа ў строй

Пасля вашай гібелі ўстане

З мужнай і бясстрашнаю душой”.

Жук Мікалай.jpg
Мікалай Андрэевіч Жук і  Таццяна Жук–Дас

Мікалай Андрэевіч Жук і Таццяна Жук–Дасаева  

  Пасля вызвалення Беларусі яго накіравалі на працу ў школу. Амаль паўвека ён аддаў педагагічнай дзейнасці. Настаўнічаў у вёсках Вясея, Старцавічы (цяпер Знамя), мястэчку Урэчча. Улюблёны ў беларускую  літаратуру i мову, ён часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы, асабліва цікава праводзіў факультатыўныя заняткі па літаратуры. Цяпло свайго сэрца, зачараванага прыгажосцю роднага слова, ён здолеў перадаць вучням. Мноствам нябачных ніцей звязаны ён быў са сваімі выхаванцамі. І сувязь гэта была самай высокай пробы – духоўная.

  Усё жыццё Мікалай Андрэевіч займаўся літаратурнай творчасцю. “Мне хочацца пісаць вершы, як кожны дзень хочацца сустракаць світанне”, – прызнаваўся ён.

   Калі праглядзець архіў, які заховае яго дачка, доктор філалагічных навук, прафесaр, сябрa Саюза пісьменікаў Беларусі Таццяна Дасаева, то бачна, што пад многімі вершамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага, блакіраваная зона, Салавуцк, Куценка, Азярное. Гэта тыя мясціны дзе ваяваў М. Жук. I пасля вайны ваенная тэма, гераізм бeлaрускага народа, стала адной з галоўных у яго творчасці. На ёй ляжыць выразны адбітак жыццёвай біяграфіі, пачуццё гонару за дачыненне да вялікага пакалення пераможцаў.

   Але пісаў Мікалай Андрэевіч не толькі пра вайну. Ён аўтар лірычных замалёвак, вершаў, паэм i апавяданняў. Ад радкоў яго вершаў вее дабрынёй, жаданнем сагрэць душэўнай цеплынёй тых, хто чытае яго творы. Шмат месца ў  творчасці Міколы Жука займаў філасофскі роздум пра сэнс жыцця, аб прызначэнні паэта і паэзіі. Паэт лічыў, што чалавеку i aсабліва творцу, трэба шанаваць кожную гадзіну свайго жыцця, каб паспець зрабіць шмат добрых і карысных спраў.

   Асабліва напружана Мікалай Андрэевіч працаваў у 90-я гады мінулага стагоддзя. Творчасць гэтага перыяду можна назваць лебядзінай песняй паэта, яна напоўнена сапраўднай грамадзянскасцю, суровым пафасам жыцця, шчымлівай трывогай за заўтрашні дзень, за будучае краіны і яе народа. Ён спяшаўся… Хацелася выкласці на паперы тое, што хвалявала яго сэрца і розум, завяршыць задуманае, распачатае.

   Імпульсам для творчасці з’яўлялася і тое, што літаратурная творчасць Міколы Жука была нарэшце заўважана і сама яго асоба выклікала цікавасць. Яго вершы былі змешчаны на старонках рэспубліканскага друку. У 1993 годзе рэжысёр С. Лук’янчык зняў фільм “Светлацені”, героямі якога былі Масей Сяднёў, Алесь Звонак і Мікола Жук. 6 студзеня 1995 года ў газеце “Літаратура і мастацтва” з нагоды 69-годдзя творчай дзейнасці Міколы Жука былі змешчаны яго вершы пад назвай “Хачу, каб мы ў шчасці жылі…” з прадмовай Уладзіміра Паўлава. Вялікай радасцю для паэта было і тое, што ў Горках рыхтаваўся да выдання зборнік яго вершаў “Ля падножжа маіх святынь”. Аб гэтым ён марыў усё жыццё.

  14 кастрычніка 1995 года Мікалая Андрэевіча не стала. Падсумоўваючы зробленая, шкадуючы аб няздзейсненым, ён напісаў у эсэ “Дарога выпрабаванняў і надзей”: “Самае светлае, чыстае, чалавечнае ўсё да астатку я паспеў аддаць людзям…” І гэта сапраўды так, бо людзі помняць яго. Зерне, кінутае у раллю шчодрай рукой сейбіта, прарасло і дало добрыя ўсходы… 

Мікалай Жук Ля падножжа маіх святынь.jp

   Мікалай Андрэевіч быў узнагароджаны: Ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны»,  юбілейнымі медалямі CCСР,  знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».

Творы М. Жука

  1. Жук, М. Вершы / Мікола Жук // Слуцкі край. – 2011. – 9 верас. – С. 5.

  2. Жук, М. Вершы / Мікола Жук // Слуцкі край. – 2007. – 12 ліп. – С. 6.

  3. Жук, М. Вершы / Мікола Жук // Слуцкі край. – 2004. – 14 студз. – С.3.

  4. Жук, М. Коні : верш / Мікола Жук // Белорусская нива. – 2004. – 5 февр.

  5. Жук, М. Ля падножжа маіх святынь : вершы / Мікола Жук. – Горкі : Адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1995. – 134 с.

  6. Жук, М. Мае словы прараслі дабром, што я вучням гаварыў : вершы / Мікола Жук // Настаўніцкая газета. – 1994. – 28 мая.

  7. Жук, М. На заслаўскім мемарыяле ; Шчасце забрала вайна : вершы / Мікола Жук // Белорусская нива. – 1996. – 27 крас.

  8. Жук, М. Настаўнік ; Сонечны край; Мой след на зямлі ; Сляды ; Дрэўцы : вершы / Мікола Жук // Настаўніцкая газета. – 2004. – 2 кастр.

  9. Жук, М. Памяці Янкі Купалы ; Дарогамі перамог ; У блакаду; Туга ; Балючыя ўспаміны : вершы / Мікола Жук // Звязда. – 1994. – 2 ліп.

  10. Жук, М. Паранены баец ; У засені белых бяроз ; Партызанскі сувязны : вершы / Мікола Жук // Мінская праўда. – 1994. – 6 снеж.

  11. Жук, М. Партызанская ноч : вершы / Мікола Жук // Во славу Родины. – 1994. – 21 ліп.

  12. Жук, М. Родная мая Паўстынь ; Іду ў лес ; Не блякнуць мае ідэалы ; Мая апора ; На руінах ; Быць чалавекам ; Я люблю цябе Беларусь ; У доме ніхто не жыве : вершы / Мікола Жук // Слуцкі край. – 2001. – 24 кастр.

  13. Жук, М. Яшчэ адна недапетая песня / Мікола Жук // Літаратура і мастацтва. – 1990. – 20 ліп. – Успаміны пра Івана Небасева.

Творы М. Жука

​Аб жыцці і творчасці М. Жука

  1. Дасаева, В. Ля падножжа тваіх святынь / В. Дасаева // Настаўніцкая газета. – 1995. – 25 кастр.

  2. Дасаеў, А. Ліст ад дзядулі / Андрэй Дасаеў // Белорусская нива. – 1997. – 6 нояб. – Успаміны ўнука педагога і паэта Міколы Жука.

  3. Жук, А. Гаспадар жытнёвага дагледжанага поля : да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Жука / Анатоль Жук // Краязнаўчая газета. – 2014. – кастр. ( № 40). – С. 6.

  4. Жук, А. “Зрабіў, што змог…” / А. Жук // Слуцкі край. – 2001. – 24 кастр.

  5. Жук, А. Мікола Жук: “Зрабіў, што толькі мог” / Анатоль Жук // Наша слова. – 2014. – 22 кастр. (№ 43). – С. 5.

  6. Жук, М. Мая споведзь : аб вершах і аб сабе / Мікола Жук. – Мерашыно, 1984–1985.

  7. Жук–Дасаева, Т. З чыстых крыніц / Таццяна Жук-Дасаева // Настаўніцкая газета. – 2004. – 2 кастр.

  8. Жук–Дасаева, Т. “За наша права вольна жыць” / Таццяна Жук-Дасаева // Слуцкі край. – 2011. – 9 верас. – С. 5.

  9. Жук–Дасаева, Т. Зерне, кінутае ў раллю… / Т. Жук-Дасаева // Слуцкі край. – 2004. – 14 студз.

  10. Жук – Дасаева, Т. “Памяць аб нас не пагасне…” : Мікола Жук / Таццяна Жук-Дасаева // Слуцкі край. – 2007. – 12 ліп. – С. 6.

  11. Лойка, Н. Свабодна крочыў па зямлі паэт / Н. Лойка // Слуцкі край. – 1997. – 11 чэрв.

  12. Місько, П. “Я ў далеч светлую іду ! : зборнік вершаў Міколы Жука “Ля падножжа маіх святынь”/ Павел Місько // Полымя. – 1996. – № 12. – С. 305–312.

  13. Мяснікоў, А. “Паўшыя прыходзяць у кожны верш…” / Анатоль Мяснікоў // Звязда. – 1994. ­– 2 ліп.

  14. Настаўнік. Франтавік. Паэт : да 100-годдзя з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Жука // Слуцкі край. – 2014. – 26 верас. – С. 5.

  15. Падаляк, Т. Мне б прыпасці к табе, ды няма ў нас такой завядзёнкі… / Т. Падаляк // Звязда. – 1997. – 31 мая.

  16. Паўлаў, У.  Паэт – партызан / Уладзімір Паўлаў // Во славу Родины. – 1994. – 21 июля.

  17. Пашкевіч, В. Паэт, настаўнік, бацька / Вольга Пашкевіч // Літаратура і мастацтва. – 2000. – 21 студз.

  18. Шахновіч, Г. Ля падножжа яго святынь / Г. Шахновіч // Планета- семья. – 2010. – № 5. – С. 48–49.

Аб жыцці і творчасці М. Жука
bottom of page