top of page

Глікман

Давід Іосіфавіч

Глікман Давід Іосіфавіч.jpg

   Глікман Давід Іосіфавіч – рускі паэт-сатырык, драматург. Нарадзіўся ў Слуцку, у сям’і загадчыка казённага яўрэйскага вучылішча, (назваць яго можна рускім, бо пісаў жа па-руску) . Закончыў Магілеўскую гімназію. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. Потым перайшоў на медыцынскі факультэт, але не закончыў яго. І ў хуткім часе мяняе і факультэт, і ўніверсітэт. Ужо ў 1903 годзе Давід Глікман закончыў вучобу на юрыдычным факультэт Новарасійскага ўніверсітэта (у Адэсе).   Але ўжо на самым пачатку вучобы нашага земляка захапіла літаратура. Пачаў друкавацца з 1890 г. у пецярбургскіх часопісах “Руль”, “Утро”,  ”Судьбы народа”, у газеце “Биржевые ведомости”. У 1904 г. – загадчык аддзела газеты “Новости и биржевая газета”. Рэдагаваў часопіс “Еврейская жизнь”. У публікацыях маладога журналіста, літаратара моцна выяўляецца схільнасць да сатыры, да гумару. Ужо ў 1905 – 1907 гадах Давід Глікман пастаянна супрацоўнічае з сатырычнымі часопісамі

розных гарадоў Расіі. У 1910-я гады напісаў шэраг камедый, сатырычных п’ес. Многія з іх былі пастаўлены на сцэнах так званых малых тэатраў Пецярбурга. У прыватнасці – у “Інтымным тэатры” Няволіна і Антонавай ішла з поспехам камедыя “Ўсё ўмоўна”.

   Драматургічныя творы Давіда Глікмана вызначалі жыццёвы гумар, простая жыццёвая філасофія, простыя сюжеты. У вядомым, па тым часе, пецярбургскім тэатры “Крывое люстэрка” ішлі п’есы “Белы чай”, “Утопія”. П’еса “Каго з двух?” была пастаўлена на сцэне кіеўскага тэатра Кручыніна ў 1912 годзе. Друкаваў артыкулы і фельетоны у газетах «Новости», «Голос», «Речь», «Слово», «Современное слово», «Северные записки» і інш. Часта змяшчаў у адным  нумары  таго ці іншага выдання розныя матэрыялы пад некалькімі псеўданімамі. У 1920-х гадах быў складальнікам і адным з перакладчыкаў збора твораў Шалом-Алейхэма на рускай мове.

   Друкаваўся пад псеўданімі : Агентство Дух Банка ; Агентство Парламентера ; Б—ко, Д. ; Вершинин, А.; Гаев, Н.; Гайавата; Д. Б.; Данин, Д.; Дух Банко ; Дятел ; Капля ; Парламентер ; Пулемет.

   Пра апошнія гады жыцця Давіда Глікмана звестак не шмат. Вядома, што як  паэт-гумарыст ён супрацоўнічаў у савецкіх сатырычных часопісах 1920-х – 1930-х гадоў «Ревизор» (у №22 за 1930 год змешчаны верш «Вредная запасливость» – магчыма, яго апошняя публікацыя) і «Мухомор». Друкаваў таксама тэатральныя артыкулы, рэцэнзіі, заметкі ў часопісе «Жизнь искусства» (1921–1923), у газеце «Вестник театра и искусства» (1922).

   2 сакавіка 1925 года адбылася прэм’ера знятай на кінастудыі «Ленсовкино» камедыі  «Сердца и доллары», сцэнар якой напісалі Давід Глікман і Уладзімір Каралевіч.

   Давід Іосіфавіч Глікман памёр у Маскве 20 студзеня 1936 года і пахаваны на новых Данскіх могілках.

​Аб жыцці і творчасці Д. Глікмана

  1. Глікман Давід, рускі паэт-сатырык, драматург // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага раёна і г. Слуцка : у 2 кн. Кн.2. – Мінск, 2001. – С.468.

  2. Карлюкевіч, А. Невядомы слуцкі драматург / Алесь Карлюкевіч // Карлюкевіч А. Далёкія і блізкія суродзічы. – Мінск, 1999. – С.8–10. – Давід Глікман.

  3. Карлюкевіч, А. Невядомы слуцкі драматург / Алесь Карлюкевіч // Настаўніцкая газета. – 1998. – 3 снеж. – Паэт-сатырык і драматург са Слуцка Давід Глікман.

  4. Карлюкевіч, А. Невядомы слуцкі драматург / Алесь Карлюкевіч // Слуцкі край. – 1998. – 28 студз.– Давід Глікман.

  5. Сустрэчы з родным і блізкім: знаёмствы, адкрыцці, дыялогі / уклад. Н. Крыцкая; прадм. С. Кандыбовіча. – Мінск : Звязда, 2017. – 383 с. : каляр. іл. – (Адрасы Беларусі ў свеце). — Са зместу : [Давід Іосіфавіч Глікман]. – С. 45–46.

 ***

  1. Гликман, Давид Иосифович // Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и   общественных деятелей: в 4 т. Т. 4. — М., 1960. — С. 131.

Аб жыцці і творчасці Д. Глікмаа
bottom of page