top of page

Гаўрук Юрка

(Юрый Паўлавіч)

Гаўрук Юрка ( Юрый Паўлавіч).jpg

   Юрка Гаўрук , беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысёр. Юрый Паўлавіч Гаўрук быў чалавекам вельмі светлай душы, багатай артыстычнай натуры і рэдкай прыроднай інтэлігентнасці. Нарадзіўся ў Слуцку, у сям'і  рабочага. Ён быў першым і адзіным сынам. У 1913 годзе Ю. Гаўрук паступіў у падрыхтоўчы клас Слуцкай гімназіі, у 1915 годзе вучыўся ў другім класе гімназіі ў горадзе Пскове, дзе як бежанцы жылі з маці (бацьку мабілізавалі ў войска).  У 1921 г. скончыў слуцкую школу другой ступені. У той час пятнаццацігадовы юнак знайшоў у Слуцку, на гарышчы пакінутага панскага дома, кучу французскіх і польскіх кніг. І вось з апантанай настырнасцю, радок за радком, прачытвае ён у арыгінале раман Віктора Гюго “Сабор парыжскай Божае Маці”, пашыраючы такім чынам набытыя ў гімназіі адносна невялікія пазнанні ў французскай мове. У той час, калі яго равеснікі гойсалі па вуліцах правінцыйнага гарадка, Юрка хадзіў да аднае высокаадукаванай бабулі, якая за невялікую плату давала прыватныя ўрокі нямецкай і англійскай моў. У 1922 г. Юрый Паўлавіч Гаўрук паступае ў маскоўскі Вышэйшы літаратурна–мастацкі інстытут імя Валерыя Брусава. Падчас вучобы пазнаёміўся і пасябраваў з М. Чаротам і У. Дубоўкам, не раз бачыў С. Ясеніна і У. Маякоўскага. У сваёй аўтабіяграфіі "І сонца, і хмары" пісаў: "Асаблівае ўражанне на мяне зрабілі сустрэчы з Ясеніным і Маякоўскім. Студэнты Ясеніна вельмі любілі. Я слухаў у яго выкананні "Песню про собаку". Чытаў ён проста, інтымна, нібы расказваў, чыстым, звонкім голасам з выключнай эмацыянальнай аддачай. Такога артыстычнага чытання я не чуў больш ніколі і параўнаць з ім магу хіба што толькі акцёра Яхантава. Маякоўскага студэнты крыху пабойваліся, гэта быў паэт заўсёды ўнутрана ўзброены і, чуць што, асадзіць любога. Мы дзівіліся яго паэтычнай сіле і аратарскай вынаходлівасці".

   У юнацкія гады Ю. Гаўрук адчуваў вялікую цягу да чытання і вывучэння розных моў, пісаў вершы.  Але ж найбольш яскрава талент Гаўрука раскрыўся ў галіне мастацкага перакладу. Летам 1924 года запісваў на Случчыне беларускія народныя песні і казкі (больш за 1 000 песень запісаў), што, па яго прызнанню, вызначыла далейшы кірунак работы.  У 1925 г. закончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве.  А ўвосень 1925 года Ю. Гаўрук быў абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці мясцовага  літаратурнага аб’яднання «Маладняк», членам якога стаў у час вучобы ў Маскве. Аднак у пачатку 30-х гадоў, калі пачынае ўмацоўвацца ў СССР таталітарны рэжым, рэзка мяняюцца адносіны да беларускай мовы і літаратуры, да тых, хто яе выкладаў.  Пагартаўшы старонкi акадэмiчнай газеты "За пролетарские кадры" за снежань 1931 г., можна ўбачыць, што за думку "Няма на свеце большага гвалту, як адабраць ад таленту права на яго творчасць" Юрку Гаўрука аб'яўляюць нацдэмам (нацыянальным дэмакратам). А ў якасцi доказаў прыводзяцца вершы паэта:

“Калі мы збяром у адно і прапануем чытачам зробленае ім у розных жанрах літаратуры – не толькі шматлікія пераклады, але і яго вершы і паэмы, апавяданні і нарысы, артыкулы і рэцэнзіі, – мы ўбачым, што яго творчы плён важыць куды больш, чым нам магло дагэтуль здавацца, і што гэты таленавіты, сціплы і высакародны працаўнік на ніве роднай літаратуры заслугоўвае таго, каб нашчадкі чыталі яго і перачытвалі. У яго літаратурнай спадчыне амаль нічога няма выпадковага, як сапраўдны майстар, ён усё рабіў кваліфікавана, трывала і надоўга, бо ва ўсё ўкладаў не толькі ўменне, вопыт, розум, але і душу, і сэрца”

Ніл Гілевіч

гаўрук.jpg

Няма на свеце крыўды 
больш балючай, 
Калi над праўдай можна ўсiм 
смяяцца. 
I пачалi таптаць пятой 
калючай 
Мастацтва
.

 У 1931 г. кафедру беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках зачынiлi. I Гаўрук вырашае пераехаць у Магiлёў.  У 1931–1935 гадах працаваў дацэнтам кафедры літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута, чытаў лекцыі па зарубежнай літаратуры і літаратуры народаў СССР. У 1934 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. А потым у жыццi нашага героя наступiла пара цяжкiх выпрабаванняў. 8 лютага 1935 г. быў арыштаваны прама ў студэнцкай аўдыторыі. Доўга яго не апытвалi. Ужо менш як праз тры месяцы, 28 красавiка 1935 г., асабовай нарадай пры НКУС БССР за "антысавецкую агітацыю" Гаўрук быў пазбаўлены волі да васьмі гадоў (яго асабістая справа №15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласцi), высланы з Беларусі. Больш за дваццаць гадоў ён працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР на лесараспрацоўках, землякопам, тынкоўшчыкам, маляром, тапографам. Але i там Гаўрук працягваў сваю творчую дзейнасць. Прыклад таму – вершы, змешчаныя ў кнiзе "Узвiхрыцца ветразь" (Мінск, 1990). Пад многiмi з iх стаяць даты з 1938 па 1956 гг., i месцы напiсання – лагеры Гулага. Вядома, што з 1945 па 1956 г. Юрый Гаўрук працаваў ужо на вольным найме ў Комі АССР і, атрымаўшы ў 1946 г. першы водпуск, наведаў разбураны вайною Мінск. Там творца наведаў Якуба Коласа. "Колас прыняў мяне, – успамінаў Ю.Гаўрук, – радасна і сардэчна. Няёмкасць як рукой зняло. Ён распытваў, што раблю. Слухаў з цікавасцю... Гутарка цягнулася даволі доўга... Я выйшаў ад Коласа акрылёны".

   Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1956.  Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п'есы з сусветнай класікі. Памёр 18 лютага 1979 г. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.

   Таленавіты паэт і перакладчык, ён паспяхова выступаў таксама і як празаік, і як літаратурны і тэатральны крытык, і як тэарэтык мастацкага перакладу, і ва ўсім вызначаўся сапраўдным прафесіяналізмам, грамадзянскай прынцыповасцю, высокім пачуццём адказнасці. Выкарыстоўваў  псеўданім : С. Дробуш.

   Юрка Гаўрук працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Першая публікацыя – у 1925 г. (верш Г.Гейнэ «Ткачы»). Пераклаў п'есы Ў.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец - справе вянец» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п'есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда (1957), «Забыты ўсімі» Н.Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962), «Мяцеліца» Л.Ляонава (1965), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Залатая карэта» Л.Ляонава (1971), «Багна» А.Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (1972).

   Пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, Ф.Шылера, А.Міцкевіча, Дж.Байрана, Лесі Ўкраінкі, У.Сасюры, П.Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А.Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А.Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К.С.Прычард «Дачка ўрагану» (1977). На расейскую мову пераклаў аповесць «Люба Лук'янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака.   

Напісаў зборнік краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першай на Беларусі кніжкі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928). У 1969 г. выйшла першая кніга арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», у 1975 г. – зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах». Ён аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986). У 1990 годзе выдадзены зборнік вершаў і перакладаў Юркі Гаўрука «Выбранае».   Для беларускай савецкай культуры зроблена Юркам Гаўруком надта многа. Значэнне яго творчага плёну ў галіне мастацкага перакладу цяжка пераацаніць – колькі вялікіх імён сусветнай літаратуры, колькі несмяротных шэдэўраў далучыў ён сваёй працай да нашай мастацкай скарбніцы! Яго творчасць засведчыла ідэйна-мастацкае пасталенне і ўзмужненне беларускай літаратуры,

Гаўрук Юрка Ступень адказнасці.jpg
Гаўрук Юрка Выбраныя пераклады.jpg

пашырэнне яе міжнародных гарызонтаў. Абраны ім спосаб працы з арыгіналам быў арыентаваны на стварэнне адэкватнага перакладу; для перакладчыка асноўным было ўсвядоміць змест іншамоўнага твора, адчуць асаблівасці яго кампазіцыі, формы, рытмікі, рыфмоўкі і ўсё гэта перадаць сродкамі роднай мовы.

   Творчае ўдасканаленне Юркі Гаўрука – гэта яго бясконцае перакладніцкае набліжэнне да першатвора, якое было раўназначным яго бясконцаму чалавечаму набліжэнню да ідэалу.

Дзякуючы Гаўруку, мы пачулі многіх (каля пяцідзесяці замежных пісьменнікаў). А чытачы і гледачы беларускіх тэатраў яшчэ не раз удыхнуць водар тых непаўторных кветак, што рупна ўплецены ім у неўвядальны вянок роднай культуры.

Творы Ю. Гаўрука

  1. Гаўрук, Ю. Агні ў прасторах : выбраныя пераклады / Юрка Гаўрук. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 274с., з іл.

  2. Гаўрук, Ю. Дума : верш / Юрка Гаўрук // Роднае слова. — 2005. — № 4. — С. 6.

  3. Гаўрук, Ю. Зоры : верш; пераклады / Юрка Гаўрук // Дзень паэзіі – 82. – Мінск, 1982. — С. 299–301.

  4. Гаўрук, Ю. Максім Багдановіч ; Слуцк ; Табе : [вершы] / Юрка Гаўрук // Скобла, М. Краса і сіла : анталогія беларускай паэзіі XX ст./ склад. Міхась Скобла; навук. рэд. А. Пашкевіч. — Мінск, 2003. — С. 180—182.

  5. Гаўрук, Ю. [Пераклады] / Юрка Гаўрук // Звязда. — 2003. — 19 ліп.

  6. Гаўрук, Ю. Пераклады Юркі Гаўрука // Роднае слова. — 2005. — № 4. — С. 6—7.

  7. Гаўрук, Ю. Ступень адказнасці: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ / Юрка Гаўрук ; склад. В. В. Нікіфаровіч, Т. М. Гаўрук. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. — 237с.: іл., 1л партр.

  8. Гаўрук, Ю. Табе : [верш] / Юрка Гаўрук; прадм. М. Скоблы // Звязда. — 2002. — 22 чэрв. – С. 8.

  9. Гаўрук, Ю. У маткі за пазухай : апавяданне / Юрка Гаўрук // Маладосць. - 2018. — № 4. — С. 42—50.

  10. Гаўрук, Ю. Якубу Коласу: верш / Юрка Гаўрук // Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песнях : успаміны, нарысы, эсэ, прысвячэнні/ уклад. Міхася Міцкевіча. – Мінск, 2012. — С. 544. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі)

  11. Гаўрук, Ю. Пакаранне золатам: (“Пракляцце залатога цяльца” ) / Андрэ Маруа; пер. Юркі Гаўрука // Наша слова. — 1994. — № 50. — С. 7.

Творы Ю. Гаўрука

​Аб жыцці і творчасці Ю. Гаўрука

  1. Базарэвіч, М. Паэт і перакладчык / М. Базарэвіч // Шлях Ільіча. – 1990. – 7 ліп. – Пра Юрку Гаўрука.

  2. Вільтоўскі, В. Успамінаючы Юрыя Паўлавіча Гаўрука / В. Вільтоўскі // Літаратура і мастацтва. – 2005. – № 23. – С. 15.

  3. Гаравая, І. П. “Чужыя кветкі” на беларускай глебе : перакладніцкая дзейнасць Юркі Гаўрука / Інга Гаравая // Роднае слова. – 2005. – № 4. – С. 3–5.

  4. Гарэцкі, М. “Маладняк” за пяць гадоў : 1923 – 1928 / Максім Гарэцкі // Полымя. – 2003. – № 2. – С. 204. – 

  5. Гаўрук, Ю. І сонца, і хмары…/ Юрка Гаўрук // Гаўрук, Ю. П. Ступень адказнасці : літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – С. 226–235. 

  6. Гаўрук, Ю. П. Ступень адказнасці : літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 237с. : іл. – Рец. Кабржыцкая, Т. Адказнасці высокая ступень / Т. Кабржыцкая // Полымя. – 1987. – № 4. – С. 217–219.

  7. Гаўрук Юрка / В. М. Грышкевіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн.: у 6 т. Т. 2. : Верабей – Іваноў / Ін-т імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь Беларус. Энцыкл. ; пад рэд. А. В. Мальдзіса; рэдкал. : І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск, 1993. – С.155–158.

  8. Гаўрук Юрка (Юрый Паўлавіч), беларускі перакладчык і паэт // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка : у 2 кн. Кн. 2.– Мінск, 2001. – С. 467.

  9. Гаўрук Юрка (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк – 18.2.1979), беларускі перакладчык, паэт // Культура Беларусі: энцыклапедыя : у 6 т. Т. 2 / рэдкал. : Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2011. – С. 541.

  10. Гаўрук Юрка (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, Слуцк – 18.2.1979), перакладчык, крытык // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Т. 1. : А-К / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2002. – С. 256.

  11. Гілевіч, Н. Майстар “з краю музыкі і слова” // Гілевіч, Н. У гэта веру : літаратурная крытыка і публіцыстыка / Ніл Гілевіч. – Мінск, 1978. – С. 67–74.

  12. Жыбуль, В. В. ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб'яднання / Віктар Жыбуль // Полымя. - 2017. — № 12. — С. 115—125.

  13. Лапіцкая, А. Паэт і пераклады / Алеся Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 15 мая (№ 19). – С. 6.

  14. Ліс, А. С. Гаўрук Юрка, паэт, перакладчык / А. С. Ліс // Беларускі фальклор : энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1.: А-К. – Мінск, 2005. — С. 337.

  15. Ліўшыц, У. “Быў чалавекам вельмі светлай душы…” : Юрка Гаўрук / У. Ліўшыц // Краязнаўчая газета. – 2005. – № 24. – С. 7.

  16. Ліўшыц, У. Быў чалавекам светлай душы / У. Ліўшыц // Слуцкі край. – 1992. – 17 чэрв.– Пра Ю. Гаўрука.

  17. Маліноўскі, А. Жнівень / архіўныя нумары “Полымя” гартаў Алесь Маліноўскі // Полымя. – 2014. – № 8. – С. 189–190.

  18. Нікіфаровіч, В. Урокі майстэрства : штрыхі да творчага партрэта Ю. П. Гаўрука / В. Нікіфаровіч // Полымя. – 1981. – № 6. – С. 227–231.

  19. Пруднікаў, П. Сціплы эрудыт : успаміны пра Юрку Гаўрука / П. Пруднікаў // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1991. – № 7-8. – С. 149– 152.

  20. Рагойша, В. У вянок роднай культуры : Юрка Гаўрук / Вячаслаў Рагойша // Рагойша, В. І адгукнецца слова ў слове. – Мінск, 1992. – С. 42–47.

  21. Садоўская, Л. Юрка Гаўрук, перакладчык і паэт / Л. Садоўская // Бібліятэка прапануе. – 2004. – № 1. – С. 5.

  22. Саламевіч, І. У. Гаўрук Юрка (Юрый Паўлавіч; 6. 5.1905, г. Слуцк Мінскай вобласці – 18.2.1979), беларускі перакладчык і паэт / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т.5. : Гальцы – Дагон / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1997. – С. 89–90.

  23. Сівец, Таццяна Мікалаеўна. Кветкі з яго палеў / Таццяна Сівец // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 15 мая (№19). – С. 6.

  24. Скобла , М. Краса і сіла : Юрка Гаўрук (1905–1079) / Міхась Скобла // Звязда. – 2002. – 22 чэрв.

  25. Скобла, М. Юрка Гаўрук // Скобла, М. Краса і сіла : анталогія беларускай паэзіі. XX век. – Мінск, 2003. – С. 180.

  26. Скрыган, Я. Нядоля і хвала : успаміны аб Юрку Гаўруку / Я. Скрыган // Беларусь. – 1987. – № 1. – С. 16– 17, 36.

  27. Цэльная і творчая асоба [Тэкст] : да 110- годдзя з дня нараджэння Юркі Гаўрука, паэта-перакладчыка / Дзярж. установа "Слуцкая раён. цэнтральная б-ка", аддзел абслугоўвання і інфарм. чытачоў ; склад. У. М. Грыдасаў ; рэд. Л. В. Гурыновіч. - Слуцк : [б. в.], 2015. - 11с.

  28. Юрка Гаўрук // Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі; навук. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск, 1994. – С. 131–132.

  29. Юрка Гаўрук // Звязда . – 2003. – 19 ліп.

  30. Юрка Гаўрук // Новыя кнігі Беларусі. – 1995. – № 2. – С. 16–18.

  31. Юрка Гаўрук // Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1981. – С. 88–89.

  32. Юрка Гаўрук (1905–1979)// Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2015 года. I паўгоддзе : бібліяграфічны паказальнік / склад. Мельнічак А. А.; рэд. Законнікава Л. Р. – Мінск, 2015. — С. 12–14.

  33. Юрка Гаўрук (1905–1979) //Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2010 года . I паўгоддзе: бібліяграфічны паказальнік / склад. Дзітлава В. А., Міткевіч В. В. – Мінск, 2009. – С. 46–49.

 

***

  1.  Гаврук Юрка (Юрий Павлович; 6.5.1905, г. Слуцк —18.2.1979), белорусский переводчик, поэт // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн.1. А—З / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. — Минск, 2016. — С. 224.

  2. Гаврук Юрка (Юрий Павлович; 06.05.1905, г. Слуцк – 18.2.1979), беларусский переводчик, поэт // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Т.2. : А – Герань / редкол. : Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2006. – С. 859.

Аб жыцці і творасці Ю. Гаўрука
bottom of page