Вечар Алесь
(Аляксандр Сцяпанавіч )
“Паэт,паэт!
Самотны фантазёр,
Табе па-свойму ўсё навокал.
А мора гэтае – адно з азёр
Тваёй радзімы сінявокай…”
Алесь Вечар
Пяру гэтага незвычайнага чалавека належаць такія кнігі, як “Пластыды раслін, іх уласцівасці, склад і будова”, “Фізіялогія і біяхімія бульбы” (у суаўтарстве з М.Ганчарыкам), “Асновы фізічнай біяхіміі раслін”, “Вадародныя іоны ў біясферы”… і зборнікі вершаў “Кола дзён”(1930), “Зварот да слова”(1977). Паміж выхадам гэтых невялічкіх кніжак амаль паўстагоддзя – цэлая эпоха ў гісторыі літаратуры.
Алесь (Аляксандр Сцяпанавіч ) Вечар нарадзіўся 12 сакавіка 1905 года у вёсцы Машчыцы на Случчыне ў сялянскай сям’і. Бацька памёр калі Алесю было ўсяго пяць месяцаў, і маці давялося адной выхоўваць семярых дзяцей. Пачатковую адукацыю хлопец атрымаў у Слуцку, потым тры гады працаваў на гаспадарцы. З 1923 года вучыўся ў Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, адкуль быў накіраваны на працу загадчыкам чытальні ў вёску Паськова Горка Старадарожскага раёна. Мара атрымаць вышэйшую адукацыю не пакідала юнака, і у 1925 годзе ён паступіў на агранамічны факультэт Горы-Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
На здольнага студэнта вялікае ўражанне зрабілі заняткі на кафедры беларускай мовы і літаратуры. Не дзіва: загадчыкам кафедры быў таленавіты пісьменнік Максім Гарэцкі, працаваў на ёй і яшчэ зусім малады Юрка Гаўрук – будучы вядомы перакладчык. Асабліва важным набыткам гэтага перыяду Алесь Вечар лічыў знаёмства з літаратурнай беларускай мовай, якая адрозніваецца ад звычайных дыялектных гаворак на вёсцы. Ужо тады ён пачаў распрацоўваць беларускамоўную навуковую тэрміналогію, адначасова прыйшло і захапленне паэзіяй. Алесь Вечар быў адным з сяброў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Ён належыць да тых паэтаў, што ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. стваралі новую беларускую літаратуру і праслаўлялі новае жыццё, якое, для многіх неўзабаве і закончылася…. А. Вечару яшчэ пашанцавала – для яго ўсё абмежавалася абвінавачваннем у прынадлежнасці да кулацтва, выключэннем з партыі і пазбаўленнем працы. Малады навуковец, былы аспірант Цэнтральнай хімічнай лабараторыі Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі БССР, быў вымушаны выехаць за межы Беларусі і пасяліцца у Сочы, дзе працаваў аграхімікам Сочынскай заалагічнай станцыі. Праз некалькі гадоў ён усё ж здолеў вярнуцца на радзіму, але ненадоўга: сталінскія рэпрэсіі зноў нагадалі пра сябе. З 1937 да 1959 г. беларускі вучоны жыў пераважна ў Краснадары, за выключэннем года, праведзенага ў Маскве (1949-1950). Закончыўшы дактарантуру Інстытута біяхіміі Акадэміі навук СССР, ён загадваў кафедрай фізічнай і калоіднай хіміі Краснадарскага інстытута харчовай прамысловасці.
Пасля 22-гадовага раставання Алесь Вечар вярнуўся на Беларусь тытулаваным і прызнаным вучоным, доктарам біялагічных навук, прафесарам. У Мінску ён узначаліў лабараторыю біяхіміі раслін Інстытута біялогіі, а з 1970 г. – лабараторыю біяхіміі і малекулярнай біялогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі АН Беларусі. Акрамя гэтага, вучоны абіраўся старшынёй Беларускага біяхімічнага таварыства. Многія яго вынаходніцтвы і прапановы ў галіне харчовай тэхналогіі (напрыклад, рэцэпты вырабу ігрыстых він, перапрацоўкі бульбы) атрымалі заслужаннае прызнанне і ў Беларусі, і далёка за яе межамі.
Памёр Алесь Вечар 4 красавіка 1985 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
На працягу ўсяго жыцця творца быў адданы і біяхімічнай навуцы, і паэтычнаму слову. Адно другому не замінала, а хутчэй наадварот. “Паміж лірыкам і фізікам (у дадзеным выпадку хімікам) існавала дыялектычная адзінства, узаемная падтрымка. Розум арганізоўваў волю для галоўнай мэты: пазнання рэчаіснасці і працы на карысць грамадства”, - так характарызаваў творчасць свайго сябра Юрка Гаўрук.
Калі казаць больш дакладна, то “лірыка” ў А.Вечара пераважвала ў ранні перыяд творчасці, а “фізіка”- ужо ў сталы, калі паэт звяртаўся да тэмаў сапраўды планетарнага маштабу – жыццё без вайны, мір на Зямлі, роля навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў жыцці чалавецтва. І нярэдка гэтыя тэмы знаходзілі ў паэта арыгінальнае вырашэнне. Каб паразважаць пра прыроду кахання, ён выбраў сабе незвычайнага суразмоўцу – камп’ютар (“Дыялог з камп’ютарам аб любві”), а ў вершы “ Вялікі Саюз” лірычны герой аглядае Зямлю з ілюмінатара касмічнай ракеты. Філасафічнасць у лірыцы А. Вечара часам спалучаецца з іроніяй, як у “Секстэце санетаў”. Многія вершы вучонага-біяхіміка вызначаюцца навуковасцю ў літаратурным сэнсе – напрыклад, паэтызацыяй фотасінтэзу (“Аб цудоўным”) і біягеацэнозу (“Юбілейнае слова”). Але часам паміж навуковымі доследамі Алесь Вечар успамінаў свае дзяцінства і юнацтва, асэнсоўваў пройдзены шлях – і тады нараджаліся творы іншага, эпічнага кшталту: аўтабіяграфічныя вершы “Прадмова да мемуараў”, “Івань”, “З пісем”, паэма “Мая гімназія”. Яны – пра станаўленне асобы на фоне складанай і супярэчлівай эпохі.
Творы В. Вечара
-
Вечар, А. Вершы/ Алесь Вечар // Скобла, М. Краса і сіла: анталогія бедарускай паэзіі ХХ стагоддзя / М. Скобла. – Мінск, 2003. – C. 192–193.
-
Вечар, А. “Мы… залежым, магчыма, ад біягеацэнозаў…”: вершы / Алесь Вечар // Роднае слова. – 2005. - № 3. – С. 92.
Аб жыцці і творчасці В. Вечара
-
Бярозкін, Р. Праз многія гады // Бярозкін Р. Паэзія – маё жыццё / Р. Бярозкін. – Мінск, 1989. – С. 163-164.
-
Вечар Аляксандр Сцяпанавіч (25.3.1905, в. Машчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.– 4.4.1985), беларускі біяхімік, паэт // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.4. Варанецкі - Гальфстрым / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.].– Мінск, 1997.– С.133.
-
.Гарэлік, Л. М. Вечар Алесь / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Ін-т літ. імя Я.Купалы АН Рэспубліка Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя; рэдкал. : І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск, 1992. – С.11-12.
-
Гарэцкі, М. “Маладняк” за пяць гадоў: 1923-1928 / М. Гарэцкі // Полымя. – 2003. – №2. – С. 200-201.
-
Жук, А. Алесь Вечар: вучоны і паэт з сялян / Анатолій Жук // Слуцкі край. – 2015. – 20 сак. – С. 5.
-
Жыбуль, В. Алесь Вечар – біяхімік і паэт / В. Жыбуль // Роднае слова. – 2005. – № 3. –С. 91.
-
Залеская, Г. Служэнне навуцы, народу / Галіна Залеская // Слуцкі край. – 1995. – 20 снеж.
-
Ліўшыц, У. “Самабытны паэт” / У. Ліўшыц // Краязнаўчая газета. – 2005. – №29.– С.5.
-
Макарэвіч, Г. Акадэмік і паэт: да 100-годдзя з дня нараджэння А. С. Вечара / Г. Макарэвіч // Слуцкі край. – 2005. – 2 крас. – С.3.
-
Паэт, прафесар, акадэмік са Случчыны / падрыхт. Жанна Аўдзеева // Кур’ер. – 2015. – 9 крас. – С. 27.
-
Скобла, М. Алесь Вечар // Скобла, М. Краса і сіла : анталогія беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. – Мінск, 2003. – С.192.
-
Цэгалка, В. “Канструктар коласа і слова” / Валянціна Цэгалка // Слуцкі край. – 2020. – 16студз.(№ 3). – С. 21.
***
-
Вечер Александр Степанович (25.3.1905, д. Мащицы Слуцкого р-на — 4.5.1985), белорусский биохимик, поэт. // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн.1. А – З / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. — Минск, 2016. — С. 168.
-
Вечер Александр Степанович (25.3.1905, д. Мащицы Слуцкого р–на – 4.5.1985), белорусский ученый в области биохимии, поэт // Республика Беларусь: энциклопедия. В 7 т. Т. 2. А – Герань / редкол.: Г. П. Пашков (гл.ред.) [и др.]. – Мінск, 2006. – С. 648.
-
Вечер Александр Степанович (25.03.1905, д. Мащицы Слуцкого р-на Минской обл. — 04.05.1985), биохимик, писатель // Национальная академия наук Беларуси: энциклопедический справочник / Национальная академия наук Беларуси ; редкол.: В. Г. Гусаков (гл. ред.) и [др.]. – Минск, 2017. - С. 97—98.
-
Вечер Александр Степанович (25.03.1905. д. Мащицы Слуцкого района – 04.05.1985), ученый в области биохимии, поэт // Минская область: энциклопедия. В 2 т. Т.1. А – Г / редкол. : Л. Ф. Крупец, Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2007. – С. 371.
-
Протько, Т. С. Вечер Александр Степанович (Вечар Алесь) (1905-1985), биохимик, поэт // Протько Т. С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941г.г.) / Т. С. Протько. – Минск, 2002. – С. 649.