
Атава Апанас
(Канановіч Апанас Майсеевіч)

Беларускi паэт і лiтаратар Апанас Атава (сапраўднае імя Апанас Майсеевіч Канановіч) нарадзіўся 8 мая 1903 года ў вёсцы Нявязцы Слуцкага раёна ў сям'і селяніна. Меў сярэднюю адукацыю, працаваў на бацькоўскай гаспадарцы. З 1926 года настаўнічаў у Любанскім, Слуцкім і Лунінецкім раёнах. У 1939 годзе скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут.
У 1922 года Апанас Атава пачаў пісаць вершы. Ён лічыўся адным з самых здольных сяброў Слуцкай філіі ўсебеларускага аб'яднання паэтаў і пісьменнікаў "Маладняк", спрабаваў сілы і ў прозе.
У 1925 годзе быў дэлегатам І з'езда "Маладняка" з "рашаючым" голасам. У тым жа годзе пачаў друкавацца ў газеце "Вясковы будаўнік".
На нейкі час ён увайшоў у згуртаванне "Літаратурна-мастацкая камуна", але пасля яе зліквідавання зноў быў прыняты ў "Маладняк".
У сваіх вершах Апанас Атава паэтызаваў сялянскую працу, пісаў пра духоўныя імкненні вясковай моладзі («Не шуміце, дубровы...», «Праводзіны», «Ганя», «Ноч» і інш.). У творах аўтар шырока выкарыстоўваў сродкі фальклорнай вобразнасці.
Разам з тым, у яго паэзіі адчуваецца ўплыў Янкі Купалы – у паэтычнай інтанацыі, рытміцы, вобразных сродках. Лірычная ўзнёсласць вершаў мяжуецца з дэкларацыйнасццю, эмацыянальнасць – з недастаткова глыбокім пранікненнем у сутнасць з'яў.
Памёр Апанас Атава 28 кастрычніка 1962.
Творы А. Атавы
-
Атава, А. Іду з жніва; Ноч; Дарогаю: [вершы] / Апанас Атава // Роднае слова. – 2013. – № 5. – С. 9.
Аб жыцці і творчасці А. Атавы
-
Багдановіч, І. Э. Атава Апанас. // Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўнік: у 6 т. Т.1: Абуховіч – Ватацы / Ін-т літ. імя Я.Купалы АН Рэсп. Беларусь, Беларус. Энцыкл.; рэдкал.: І.Э.Багдановіч [і інш.] – Мінск,1992. – С. 132.
-
Жыбуль, В. “Маланкі красаліся з воч…”: жыццё і творчасць Апанаса Атавы / Віктар Жыбуль // Роднае слова. – 2013. - № 5. – С. 6–8.
-
Казека, І. Д. Атава Апанас / І. Д. Казека // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т.1: Акапэла – Габелен / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1984. – С.217.