
Марціновіч Алесь
(Аляксандр Андрэевіч)

«У кнігах Алеся, як мне здаецца, няма слабых твораў. І паўстаюць перад намі постаці нашых вялікіх продкаў, ажываюць забытыя і паўзабытыя імёны. Вядзе ў атаку сваіх салдат генерал Гурка, піша свой знакаміты на ўвесь свет паланез Міхаіл Агінскі, становіцца нацыянальным героем Чылі беларус Ігнат Дамейка… Яны пакінулі свой след на зямлі, як пакідае і ён, Алесь Марціновіч. І гэты след наўздзіў глыбокі!»
Васіль Шырко
Алесь Марціновіч – літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, журналіст, краязнаўца, празаік. Ён нарадзіўся ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Калі яму бало 6 гадоў сям’я пераехала на Капыльшчыну. Тут ён скончыў Навасёлкаўскую сярэднюю школу. Затым паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, але з трэцяга курса перавёўся на факультэт журналістыкі. У 1968 годзе закончыў навучанне ў БДУ. Працаваў у драгічынскай раённай газеце, служыў у арміі, пасля прадоўжыў журналісцкі шлях у Капылі і Слуцку. Працаваў у рэдакцыях капыльскай раённай газеты «Слава Працы» і слуцкай раённай газеты «Шлях Ільіча».
Крытычна – літаратуразнаўчую працу пачаў ў 1964 годзе публікацыяй у “ЛіМе”, пасля пастаянна друкаваў рэцэнзіі, артыкулы ў рэспубліканскім і ўсесаюзным друку. Каля трыццаці гадоў (1972—2001, 2007) працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (з 1972 года — карэспандэнт аддзела літаратуры, з 1981 года — загадчык аддзела інфармацыі і літаратурнага жыцця). У лістападзе 1999 года адначасова пачаў працаваць у часопісе «Беларуская думка» (1999—2007): рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва, намеснік галоўнага рэдактара, першы намеснік галоўнага рэдактара. У далейшым намеснік галоўнага рэдактара часопісаў «Нёман» (2008—2009) і «Маладосць» (2009—2011). З 2011 года загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Заслужаны член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Алесь Марціновіч – імя ў сучаснай беларускай літаратурнай крытыцы вядомае. Пачынаючы з 1990 года, ён выдаў сапраўдную бібліятэку, карыстаючыся якой можна вывучыць беларускую літаратуру 20-га стагодзя.
Ён аўтар краянаўчай кнігі “Ля Каменкі бруістай”(1992), зборнікаў гістарычных нарысаў і эсэ “Зерне да зерня”, “ Хто мы, адкуль мы…”. Трэба адзначыць, што за кнігу “Зерне да зерня” пісьменнік адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтая кніга распачала серыю кніг з пазнакай – “Гісторыя ў асобах” : (кнігі «Зерне да зерня», «Хто мы, адкуль мы…», «У часе прасветленыя твары», «Элегіі забытых дарог», «Сполахі далёкіх зарніц», «Свечка на золкім полі», «Птушкі з пакінутых гнёздаў», «Маладзік над заснежаным шляхам», «Исповедь старых замков», «Рагнеда i Рагнедзічы»), у якіх упершыню ў беларускай літаратуры праз жанр мастацка-дакументальных вораў (эсэ, нарыс, апавяданне) прасочаны лёсы больш як 300 знакамітых суайчыннікаў, а таксама тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў лёс з беларускім краем.
Склаў кнігі публіцыстыкі «Свабоднае грамадства зблізку» (1984), паэзіі «Мы і яны» (1985) і «Слова міру і праўды» (1987), «Памяць: Капыльскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі» (2001), «Адсюль выток, адсюль натхненне…: Шклоўчына літаратурная: проза,паэзія, публіцыстыка» (2007) і іншыя.
Гаворачы пра творчасць нашага земляка – нельга не сказаць пра яго даўнюю адданасць дзіцячай літаратуры. Выбраныя старонкі гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры ўвайшлі ў двухтомнік “Святло чароўнага ліхтарыка”. Аўтар кнігі для дзяцей – “Баба Яга – ракетная нага”, “Святая Еўфрасіння”, “Златавуст з Турава” і інш. Шмат сардэчнай цеплыні ўвабралі радкі пра класікаў беларускай літаратуры : Цётку, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Янку Маўра, Васіля Вітку, Уладзіміра Караткевіча і многіх многіх іншых, хто прысвячаў і сёння прысвячае свой талент самаму ўдзячнаму і самаму добразычліваму чатачу – дзецям.
Калі прасачыць творчы шлях Алеся Марціновіча, то можна заўважыць, што ён заўсёды імкнуўся шукаць ідэі, сілу, якія рухаюць мастацкі працэс, вядуць да развіцця, дапамагаюць выхаваць у падрастаючага пакалення дабрыню і чалавечнасць.
Творчая дзейнасць А. Марціновіча атрымала прызнанне. Ён лаўрэат Дзяржаўнаіі прэміі Рэспублікі Беларусь, Літаратурнай прэміі імя М. Багдановіча, Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка, прэмій «Залаты Купідон», «Залатое пяро». Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, медалем імя Мусы Джаліля. У 2016 г. стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» за кнігу «Цяпло колішніх вогнішчаў».


