Майхровіч
Сцяпан Казіміравіч
“…кнігі С. Майхровіча пра Вінцэта Дуніна- Марцінкевіча, Янку Лучыну, а асабліва “Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя” разам з працамі іншых даследчыкаў, такіх як Міхась Ларчанка і Васіль Барысенка, паклалі пачатак прынцыпова новаму падыходу да ацэнкі беларускай літаратуры мінулага стагоддзя…”
Юльян Пшыркоў
Крытык, літаратуразнавец, публіцыст, кандыдат філалагічных навук, член СП Беларусі з 1947 года. Майхровіч Сцяпан Казіміравіч нарадзіўся 21 чэрвеня 1908 года ў пасёлку Старэва ў сям'і выдзімальшчыка шкла. Ужо ў 1915 годдзе, ва ўзросце 8 год, ён з-за вайны вымушаны быў пайсці працаваць на гуту, дзе і рабіў 13 гадоў. У 1930 г. Сцяпан Казіміравіч паступіў вучыцца на рабфак пры Маскоўскім універсітэце, потым здольнага хлопца накіравалі на вучобу ў Маскоўскі інстытут журналістыкі. Аднак ён быў адкліканы ЦК ВКП(б) з 2 курса і камандзіраваны ў Беларусь. Працаваў рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам органаў ЦК КП(б) Беларусі - польскіх газет "Ворыва" і "Сцяг свабоды" (1933-1941). Адначасова завочна вучыўся ў Мінскім педінстытуце, які скончыў у 1941 годзе.
У чэрвені 1941 Сцяпан Казіміравіч добраахвотна пайшоў на фронт, быў інструктарам палітаддзела 10-й арміі, затым галоўным рэдактарам Цэнтральнага беларускага радыёвяшчання ў Маскве (1941-1943). У 1943 г. па асабістай просьбе накіраваны да партызанаў. Рэдагаваў падпольную газету "Белостокская правда".
Пасля вызвалення Беларусі працаваў дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944-1948), галоўным рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР (1952-1954). У 1957 годзе закончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце. У 1958-1972 гг. Сцяпан Казіміравіч быў прызначаны старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1959 годзе становіцца кандыдатам філалагічных навук. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам «Віртуці мілітары», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Выступаў у друку з 1930 г. Спектр даследчыцкай зацікаўленасці навукоўца шырокі. Ён уключаў у сябе літаратуразнаўчыя аспекты дакастрычніцкай і савецкай беларускай літаратуры, а таксама пытанні фалькларыстыкі. Сцяпан Казіміравіч быў даследчыкам і адкрывальнікам. У “Нарысе гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст.” прасачыў сувязь прыгожага беларускага пісьменства з вусна-паэтычнай творчасцю народа. Выяўлены фальклорныя сюжэты ў летапісах, прыказкі і прымаўкі прадмоў і пасляслоўяў выданняў Ф. Скарыны, фалькларызм “Ліста да Абуховіча”, “Прадмовы Мялешкі”, “Водпісы Кміты Чарнабыльскага” і іншых помнікаў старажытнай літаратуры. У “Нарысах беларускай літаратуры XIX ст.” (1957, 2-е выд. 1959) ім упершыню грунтоўна прааналізавана заснаваная на беларускіх народных паданнях і легендах творчасць А. Баршчэўскага, паэтычная і фалькларыстычная спадчына Я. Чачота. Некалькі публікацый Майхровіча прысвечаны збіральнікам і эдзітарам фальклору А. Гурыновічу, М. Косіч. У педагагічна-асветнай перыёдыцы 1960-70-х г. апублікаваў шэраг артыкулаў, у якіх фальклор даследуе як асобную мастацкую сістэму, а таксама сувязь з ім творчасці класікаў нацыянальнай літаратуры. Значным укладам у беларускую навуку аб фальклоры з’яўляецца даследаванне Майхровіча “Прыказкі і прымаўкі” (1976). Плённым аказаўся яго гісторыка-культурны, кампаратывісцкі падыход да афарыстычна-філасофскага жанру парэмій. У кнізе прааналізаваны беларускія прыказкі і прымаўкі ў кантэксце парэмій шумераў, егіптян, грэкаў, знойдзены семантычныя адпаведнікі ім, эквівалентныя паняцці.
Майхровіч апублікаваў манаграфіі : «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В. І. Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жизнь и творчество Ф. Богушевича» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV–XVIII ст.» (1980).
Памёр Сцяпан Казіміравіч Майхровіч 2 ліпеня 1981.
Творы С. Майхровіча
-
Майхровіч, С. Георгій Скарына : 450 гадоў беларускага кнігадрукавання / Сцяпан Майхровіч. – Мінск : Беларусь, 1966. – 188 с.
-
Майхровіч, С. В. І. Дунін-Марцінкевіч / Сцяпан Майхровіч. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1955. – 208, [1] с., [1] л. партр.
-
Майхровіч, С. Іван Шамякін : нарыс жыцця і творчасці / Сцяпан Майхровіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 112 с.
-
Майхровіч, С. Максім Багдановіч : жыццё і творчасць / Сцяпан Майхровіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1958. – 202 с.
-
Майхровіч, С. К. Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV –XVIII ст. / С. К. Майхровіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1980. – 254 с.
-
Майхровіч, С. Нарысы беларускай літатаруры XIX стагоддзя / Сцяпан Майхровіч : выд. 2-е, папраўленае. – Мінск : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1959. – 322, [1] с. : партр.
-
Майхровіч, С. К. Прыказкі і прымаўкі : гістарычны нарыс / С. К. Майхровіч. – Мінск : Выдавецтва беларускага дзяржаўнага універсітэта, 1976. – 127 с.
***
-
Майхрович, С. К. Жизнь и творчество Ф. Богушевича / С. К. Майхрович. – Москва : Издательство АН БССР, 1961. – 297 с.
Аб жыцці і творчасці С. Майхровіча
-
Ліс, А. С. Майхровіч Сцяпан Казіміравіч, літаратуразнавец, крытык, фалькларыст / А. С. Ліс // Беларускі фальклор : энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Лабараторыя традыцыйнага мастацтва – “Яшчур” / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2006. – С. 83.
-
Майхровіч Сцяпан Казіміравіч (8 (21).6.1908, в. Старэва Слуцкага пав. – 1.7.1981), беларускі крытык, літаратуразнавец // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. К–Я / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2006. – С. 262.
-
Майхровіч Сцяпан Казіміравіч (8(21).6.1908, в. Старэва Слуцкага пав. – 2.7.1981), беларускі крытык, літаратуразнавец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. М – Пуд / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [ і інш.].– Мінск, 1999. – С. 45.
-
Майхровіч Сцяпан Казіміравіч (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на – 1.7.1981), беларускі літаратуразнавец, крытык // Культура Беларусі : энцыклапедыя. У 6 т. Т. 5. Л–М / рэдкал. : В. В. Калістратава (гал. рэд.) [ і інш.].– Мінск, 2014. – С. 315.
-
Майхровіч Сцяпан Казіміравіч (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на Мінскай вобл. – 1.7.1981), беларускі літаратуразнавец, крытык // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. Кулібін – Малаіта / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1999. – С. 524.
-
Майхровіч Сцяпан Казіміравіч (1908—1981), беларускі літаратуразнавец, крытык // Янка Купала : энцыклапедыя. У 3 т. Т. 2. І — О / рэдкал. : У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2018. — С. 186.
-
Са Старэва, што на Случчыне // Літаратура і мастацтва. – 1998. – № 25. – С. 14.
-
Савік, Л. С. Майхровіч Сцяпан / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік. У 6 т. Т. 4 . Лазарук—Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя ; рэдкал. : А. В. Мальдзіс [і інш.]. — Мінск, 1994. – С. 164–167.
-
Саламевіч, В. Сцяпан Майхровіч / падрыхтавала В. Саламевіч // Роднае слова. – 1998. –№ 6. – С. 94–95.
-
Сцяпан Майхровіч // Ішла вайна народная… : беларускія пісьменнікі ў Вялікай Айчыннай : біяграфіі, успаміны, творы / уклад. С. А. Міхальчука, Л. Я. Прокшы ; прадм. А. К. Сульянава. – Мінск, 1991. – С. 429.
-
Сцяпан Майхровіч // Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1981. – С. 224 – 225.
***
-
Майхрович Степан Казимирович (21.6.1908, д. Старево Слуцкого р-на – 1.7.1981), белорусский литературовед // Минская область : энциклопедия. В 2 т. Т. 2 . Д–Я / редкол. : Л. Ф. Крупец, Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2007. – С. 316.
-
Майхрович Степан Казимирович (21.6.1908, д. Старево Слуцкого р-на — 1.7.1981), белорусский литературовед, критик // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн. 2. З–Н / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.) [ и др.]. – Минск , 2017. – С. 253.
-
Майхрович Степан Казимиравич (21.6.1908, д. Старево Слуцкого р-на – 1.7.1981), белорусский литературовед, критик // Республика Беларусь : энциклопедия. В 6 т. Т. 4. Картография – Миноговые / редкол. : Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Мінск, 2007. – С. 615.